Міхал Андрасюк атрымаў «Глінянага Вялеса»
«Гліняны Вялес» — для Міхала Андрасюка. Упершыню літаратурная прэмія, заснаваная Таварыствам вольных літаратараў 30 гадоў таму на Полаччыне, уручалася па-за межамі Беларусі.

Падляшскі аўтар Міхал
Андрасюк стаў лаўрэатам прэміі за кнігу «Поўня» яшчэ ў 2020 годзе, але з увагі
на пандэмію, а пазней беларускую мірную рэвалюцыю і падзеі пасля яе, так і не
змог прыехаць у Беларусь. Уручэнне адбылося ў суботу, 26 лютага, падчас
адкрыцця вялікай канферэнцыі «Падляшскае суседства — выклікі», якая праходзіць
у Беластоку, піша Радыё Рацыя.

Алесь Аркуш
Адзін са стваральнікаў прэміі Алесь Аркуш кажа:
— Не мог Міхал прыехаць да нас, а мы прэмію ўручаем пераважна ў Полацку, бо гэта полацкая прэмія. Міхал Андрасюк – гэта пясняр памежжа, чалавек, які нарадзіўся ля самай мяжы, і ўсе яго творы практычна прысвечаны праблемам памежжа, жыццю памежжа і ў тым ліку гэты раман можна назваць раманам памежжа.
Міхал Андрасюк атрымаў традыцыйную фігурку “Глінянага Вялеса” і сказаў некалькі слоў прысутным:
— Я лічу, што гэтая літаратурная прэмія не толькі для мяне, а для ўсіх нашых аўтараў, хто піша, хто захаваў беларускую мову ў Польшчы. Як сказаў Сакрат Яновіч, беларусы ў Польшчы — гэта адзіная нацыянальная меншасць, якая была ў змозе стварыць сваю літаратуру.
Міхал Андрасюк раней быў узнагароджаны «Залатым апострафам» часопіса «Дзеяслоў» за сваю прозу, друкаваную на ягоных старонках у 2009 годзе. Таксама атрымаў літаратурную прэмію прэзідэнта горада Белостока імя Веслава Казанэцкага за 2011 год за кніжку «Белы конь». У 2019 годзе быў лаўрэатам другой прэміі імя Ежы Гедройца.