Міхалок наехаў на Матольку: як мне заслужыць яго павагу?

8 ліпеня Сяргей Міхалок выступіў з акустычным канцэртам на хутары Шаблі. У перапынку музыкант нечакана звярнуўся да блогера Антона Матолька, які нібыта непахвальна выказаўся з нагоды таго, як Міхалок чытае вершы Багдановіча ў роліку «Белавія».

michalok_vs_motolko.jpg

На днях авіякампанія «Белавія» абвясціла, што стала афіцыйным перавозчыкам групы Brutto. У рэкламным роліку Сяргей Міхалок чытае верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі». Відэа спадабалася не ўсім, у інтэрнэце шмат каментароў, дзе адзначаецца, што стыль Міхалка не адпавядае настрою верша.

Мабыць, Сяргею Міхалку данеслі гэтую інфармацыю, таму ён вырашыў пасярод канцэрту звярнуцца да блогера Антона Матолька.

«Чым я закрануў гэтага Матолька, не ведаю, — заявіў музыка. —- Мне ўчора Антон (Азізбекян — прэс-аташэ Brutto) сказаў: «Матолька незадаволены». Дзе барэльеф Матолька? Куды мне прывезці дары? Як мне яго ўвільготніць? Дзе яго глеба? Матолька, я гатовы насіць табе даніну, каб выклікаць нейкую павагу, каб у цябе не выклікала дысанансу, што лепшыя і самыя дужыя музыканты нашай краіны, пацаны з Brutto, пацаны з самага сапраўднага анарха-сіндыката, якія жывуць у розных гарадах, але па свісце збіраюцца ў дамоўленай кропцы і даюць творчы бой. Хлопцы прыязджаюць з усяго свету, і нам, вядома ж, патрэбныя надзейныя крылы. Таму мы не баімся, як цяпер кажуць, ніякай калабарацыі. Мы даем усім правільны прыклад — моцныя i дужыя павінны аб'ядноўвацца. Хай нас аб'ядноўвае не толькі смутак і сум, давайце, каб нас аб'ядноўвала і моцнае светлае заўтра ».
Антон Матолька на канцэрце ў Шаблях не быў. Пра наезд Міхалка ён даведаўся з сацыяльных сетак. «Я нават не бачыў гэты ролік. І нідзе нічога не пісаў, — адзначыў блогер. — Я трохі ў шоку ад відэа, якое мне ў каментарах скінулі».
Гледачы, якія пачулі зварот Міхалка, пішуць, што былі здзіўлены такой рэакцыяй музыканта: «Прыкра было ўсё гэта слухаць».

Паводле naviny.by