Мігрантаў, што жылі ля мяжы з Польшчай, вярнулі ў Беларусь

Пра гэта піша Свабода.

1055826160_170_0_2901_2048_1920x0_80_0_0_5d4c4ab55390e2211fa305f7ee900030.jpg

Беларускі бок вярнуў больш за тры дзясяткі іншаземцаў, якія ў сярэдзіне жніўня атабарыліся на мяжы з Польшчай, паведаміла кіраўніцтва Прыбужанскага памежнага атраду.
«Беларускія службы эвакуявалі некалькі дзясяткаў мігрантаў. Людзі амаль месяц жылі на тэрыторыі Беларусі побач з польскай мяжой у разліку на незаконнае пранікненне ў Еўрасаюз», — спасылаецца «Радыё Польшча» на кіраўніка падраздзялення Дарыюша Сеніцкага.
Ён пры гэтым падкрэсліў, што згаданая група мігрантаў ніколі не была на польскай тэрыторыі. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пакуль што ніяк не пракаментаваў заяву.
Больш за тры дзясяткі мігрантаў апынуліся пад аховай сілавых структур дзвюх краін на польска-беларускай мяжы недалёка ад гораду Уснаж-Гурны. З аднаго боку іх ахоўвалі ўзброеныя супрацоўнікі беларускіх сілавых структураў, якія не давалі вярнуцца ў Беларусь. З іншага боку мігрантаў стрымлівалі польскія памежнікі, не дазваляючы прайсці ў Польшчу.
Напярэдадні адбылася сустрэча канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім. Бакі назвалі дзеянні беларускіх уладаў у арганізацыі міграцыйнага крызісу «гібрыднай атакай», дзе ў якасці «інструменту ціску» выкарыстоўваюцца жывыя людзі.
Ангела Меркель удакладніла, што раней абмяркоўвала сітуацыю з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які паабяцаў давесці еўрапейскую заклапочанасць да Аляксандра Лукашэнкі.