Мігранты зноў закідалі камянямі польскіх сілавікоў
Мігранты, якія спрабавалі прарвацца праз беларуска-польскую мяжу, закідалі камянямі польскіх сілавікоў. У выніку інцыдэнту, які адбыўся ўначы ў раёне Стажыны, пацярпелі дзве паліцэйскія машыны, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на Падляскую паліцыю.

У выніку інцыдэнту пацярпелі дзве паліцэйскія машыны / twitter.com/podlaskaPolicja
Памежная служба Польшчы таксама заявіла пра некалькі сілавых спроб прарыву мяжы на ўчастку, які ахоўваецца заставай у Дубічах-Царкоўных. Самая вялікая група складалася прыкладна з 200 мігрантаў. Сцвярджаецца, што замежнікі былі настроеныя агрэсіўна: кідалі не толькі камяні, але і петарды, а таксама выкарыстоўвалі слезацечны газ.
Усяго за 19 лістапада зафіксавана 195 спроб незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы.
16 лістапада ў адказ на спробу мігрантаў прарвацца праз мяжу польскім сілавікам прыйшлося прымяніць газ і вадамёты. «Турысты» ў той дзень ламалі загароды ў пункце пропуску «Брузгі» і кідаліся камянямі і іншымі прадметамі.