Мікалай Аўтуховіч: “Калі быць нязломным, то трэба ісці да канца”

Мікалай Аўтуховіч пісаць прашэнне аб памілаванні не збіраецца. Гэта палітычны вязень падкрэслівае ў сваім лісце да гарадоцкага актывіста Леаніда Гаравога. Аўтуховіч піша: “Калі быць нязломным, то трэба ісці да канца. Без кампрамісаў, без усялякіх умоваў”.  



fbafbaeb_3cca_4b32_a9e8_5mw1024_n_s.jpg

Леанід Гаравы кажа, што гэтыя словы сталі адказам на ягоны апошні ліст:

— У папярэднім лісце я апісваў сітуацыю, якая склалася ў адносінах з Еўразвязам, што рэжыму дастаткова хаця б тры словы ад вязня: “Прашу мяне памілаваць”. Але ён наконт памілавання і ўсякіх прашэнняў не дапускае думкі, пазіцыя наконт гэтага адназначная, што ён не вінаваты, ён несправядліва асуджаны за пяць патронаў, таму ён не лічыць патрэбным звяртацца з прашэннямі.

Леанід Гаравы кажа, што ад Мікалая Аўтуховіча з Гродзенскай турмы лісты даходзяць рэгулярна, пры гэтым палітычны вязень ніколі не наракае на праблемы са здароўем, якія мае:

— Сапраўды, наконт здароўя толькі да адваката інфармацыя даходзіць, што і як з Аўтуховічам. Сам ён не піша пра тое, што ёсць стаматалагічныя праблемы, трымаецца мужна, не апісвае ўсе свае “балячкі”, якія ў яго ёсць.

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы за нібыта захоўванне патронаў. Як лічыць сам, за тое, што змагаўся з карупцыяй ва ўладзе. Цяпер адбывае пакаранне ў Гарадзенскай турме. 

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bymedia.net