Мікола Аўтуховіч даглядае сад, асвойвае «Facebook» і размаўляе па-беларуску

Мінуў месяц, як Мікола Аўтуховіч выйшаў на волю. Belsat.eu пагасціў у былога зняволенага і даведаўся, як спадар Мікалай жыў у турме і чым будзе займацца на свабодзе. А жонка Алена распавяла, як змяніўся ейны муж пасля вязніцы.



autuchovich.jpg

  • Мікола Аўтуховіч замест чаю цяпер робіць гарбату. Фота belsat.eu


Першага яблыка са свайго саду з’есці не паспеў


«Мне сорамна, што вам ні разу не напісала, хоць і мелася», – я застала спадара Міколу за працаю. Ён фарбаваў плот разам з берасцейскім знаёмым-афганцам: пазнаёміліся падчас ліставання, калі Аўтуховіч быў у турме. «А магла б і напісаць вестачку за краты», – у вачах спадара Міколы з’яўляецца прывабны агеньчык. Ён абаяльна, але з прыкметным жалем усміхаецца, паказваючы два шэрагі белых роўных зубоў. Гэта ўстаўныя, свае страціў за кратамі...
Бетонны плот (тры метры вышынёю) вакол хаты і тэрыторыі былое базы таксовак «22222» яшчэ фарбаваць і фарбаваць. Але гаспадар кідае пэндзаль і вядзе мяне праз металічную браму на замку ў свет, схаваны і, відаць, цікавы для шмат каго. «Вось гэта мой сад, які я пасадзіў, а першага яблыка так і не з’еў – пасадзілі. Ёсць карлікавы белы наліў, карлікавая каштэля…»
Трохпавярховы дом Аўтуховічаў стаіць у цэнтры Ваўкавыску, каля аўтавакзалу, але не навідавоку, у дварах. Тут ён жыве разам з жонкаю Аленай. На падворку засталіся некалькі непрацоўных таксовак – на металалом. Па суседстве жыве маці спадара Міколы Лідзія ЮльянаўнаДачка Каця вучыцца ў Варшаве на адмыслоўца ў сферы турызму. З таго часу, як спадар Мікола вярнуўся з турмы, да яго ўвесь час прыязджаюць госці адусюль, амаль заўсёды хтосьці ночыць.

«А гэта камп’ютар ці тэлефон?..»


«А гэта камп’ютар ці тэлефон?.. – спадар Мікола з цікаўнасцю глядзіць на мабільны, якім я раблю здымак. – Ведаеш, я ж і з «Facebook» пакуль разабраўся… Пакуль зразумеў, што не ўсім трэба на сцяне адказваць, што для паведамленняў ёсць збоку чат...»

belsat.eu__thumbs_picture2_1b7e0746fca6345d1d052de96ba8928c.html

Мікола Аўтуховіч перачытвае лісты. Фота belsat.eu«Ён вельмі змяніўся пасля турмы, – гаворыць жонка Алена, – такі спраўны раней быў, дзелавіты… А цяпер нейкі разгублены…» Яна прызнаецца, што Мікола зусім адвык ад хатніх справаў. «Сапраўды, неяк я ўстаў ранкам – я ж і цяпер паводле звычкі прачынаюся а шостай – ды вырашыў падлогу памыць ва ўсёй хаце. Але так стараўся, так ціснуў, каб падлога чыстая была, што швабра зламалася», – разводзіць рукамі спадар Мікола.

Ежу купляў у краме і нічога не пакідаў на ноч


«Гэта гарбата – гарбата, а не чай. Хутка я ўсіх сваіх на беларускую мову перавяду», – кажа гаспадар. «Ён жа напачатку зусім смаку не адчуваў. Еў хутка, усё, што прыгатую», – працягвае жонка.
У зняволенні спадар Мікалай з-за хворага страўніка не ўсё мог есці – спажываў нятлустую аўсянку, купляў у турэмнай краме цыбулю, яблыкі, халву. А пасля новага года зусім перастаў есці «іхную» ежу, не браў нават хлеба, баяўся атруціцца. На ноч нічога не пакідаў сабе – ані з ежы, ані з пітва, каб быць пэўным у тым, што спажывае.
«Я ведаю, як гэта бывае: здаровы мужык, адціскаецца пяцьсот разоў ад падлогі, а тут раптам папіў гарбаты, і – сардэчны прыступ», – успамінае ён выпадак.
У СІЗА на Валадарцы яму давялося сядзець і ў камеры, дзе перадачы не атрымліваюць 90 % зэкаў. Псіхалагічна цяжка есці, калі на цябе з усіх бакоў глядзяць галодныя вочы. Але Аўтуховіч заўсёды частку перадачаў аддаваў на агульны стол.
Спадар Мікола ў гарадзенскай турме заўсёды сядзеў у малых камерах. Сукамернікі былі цяжкім выпрабаваннем яшчэ і таму, што ён адчуваў: на яго даносілі кіраўніцтву.

Не еў і не працаваў


Мікола Аўтуховіч не толькі не еў «іхнай» ежы, але і не працаваў на «іх» ні ў калоніі, ні ў турме. «Што трэба рабіць? Яму капаць? Я на вас капальшчыкам не наймаўся… Дрэвы садзіць? А дзе вашыя садоўнікі?» – так былы вязень размаўляў са сваімі наглядчыкамі, за што атрымліваў пагаршэнне ўмоваў утрымання.
Ён не саромеўся задаваць адміністрацыі калоніі ды турмы пытанні, каб адстаяць свае правы: «Я іх [словамі] «расстрэльваў» толькі так… Дзе белы хлеб, які мне прызначаны ў пайцы?.. А вам падабаецца чытаць старыя газеты?.. Я ім задаваў пытанні, а не яны мне». Іншыя зняволеныя цягнуліся да Міколы Аўтуховіча па дапамогу – скласці скаргу ці зварот.

Будзе даводзіць сваю невінаватасць


За плячыма ў спадара Міколы шматлікія пратэставыя галадоўкі, ускрытыя вены, парэзаны жывот, содні ў халодным ШЫЗА. «Як вашае здароўе цяпер?» – «Высокі білірубін, цукар, халестэрын. Зрок слабы, зубоў няма, хворы страўнік. У траўні збіраюся легчы ў шпіталь у Менску. Прапанавалі ў Вільні, але туды, гледзячы па ўсім, не дазволяць».
Апошні месяц спадар Мікола займаўся хатнімі справамі. Чым будзе зарабляць грошы, былы вязень пакуль не вырашыў. Вяртацца ў малы бізнес цяпер няма сродкаў, дый рынак падзелены. Тым больш, што калі працаваць, не парушаючы заканадаўства, прыбытку не будзе, а махляваць спадар Мікалай не хоча.
Мікола Аўтуховіч першы раз быў зняволены ў ліпені 2006 года на 3,5 гады з канфіскацыяй маёмасці, нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў і прадпрымальніцкую дзейнасць без рэгістрацыі ды атрымання ліцэнзіі. У яго канфіскавалі 13 таксовак, кватэру, два склады і вызначылі суму, якую ён меў выплаціць дзяржаве: больш за Br 350 млн. Аўтуховічу пакінулі дом, аўтабазу, палову таксовак і асобны будынак. У студзені 2008 года ён выйшаў на свабоду. 
Зноў яго затрымалі ў лютым 2009-га. Асудзілі на 5 гадоў 2 месяцы ў траўні 2010 года за незаконнае захоўванне пяці патронаў. Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах, пасля – у Гарадзенскай турме. Выйшаў на волю 8 красавіка 2014 года. 
Цягам 1 года і 4 месяцаў будзе пад прэвентыўным наглядам – нельга выходзіць з дому з 10-й вечара да 6-й раніцы, а таксама без дазволу міліцыі выязджаць з Ваўкавыску.

Ён сцвярджае, што абедзве справы, за якія ён агулам адседзеў дзевяць гадоў, былі сфабрыкаваныя. Што датычыць апошняй, то першапачаткова яго нібыта падазравалі ў падрыхтоўцы падпалу дамоў начальнікаў турмы і падатковай інспекцыі. У судзе гэтыя абвінавачванні адпалі, але пасля ператрусу знайшлі не сканфіскаваныя перад першым зняволеннем пяць патронаў.
Спадар Мікалай быў паляўнічым, меў дома паляўнічую стрэльбу і карабін, а таксама афіцыйна набытыя патроны. Перад першым зняволеннем у 2005 годзе ўсю зброю канфіскавалі, а пакунка з гэтымі пяццю патронамі, магчыма, проста не заўважылі. Не заўважыў гэтага і спадар Мікалай. Пасля другога абвінавачання ў справе, якую распачало Гарадзенскае УУС, Аўтуховіч апынуўся ў Менскім СІЗА. Ён мяркуе: папярэдне было вырашана, што яго будуць падазраваць у тэракце, датычным кіраўніка Гарадзенскай вобласці Уладзімера Саўчанкі ды намесніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменкі.


Сваёй віны ён не прызнае і мяркуе, што быў пакараны за антыкарупцыйную дзейнасць, за знойдзены кампрамат на чыноўнікаў і распачатыя супраць іх судовыя справы. Мікола Аўтуховіч будзе даводзіць сваю невінаватасць. Ён рыхтуе заявы ў пракуратуру на тых, хто ўдзельнічаў у ягоным абвінавачанні, а таксама за парушэнні ўтрымання ў вязніцы.
Настасся Фрода, belsat.eu