Мікола Статкевіч: «Беларусь — вось мая справа»

Днямі я атрымаў віншавальную паштоўку з Калядамі і Новым годам ад Міколы Статкевіча. Яшчэ з турмы, да пераводу ў Шклоўскую калонію, аб чым ён паведамляе сярод іншага.



staktev_ch8.jpg

Я вельмі ўзрадаваўся паштоўцы: значыць, легендарны ўжо палітык і палітычны вязень дамогся, што яго кантакты з вольным светам, яго правы на перапіску і атрыманне інфармацыі так брутальна ўжо не блакуюцца.

Па сутнасці, гэта пацвердзіў і Мікола, нагадаўшы гісторыю нашай барацьбы за атрыманне ім газеты «Новы час». «Дзякую за падтрымку, — напісаў ён, — якую бачу ў тваёй газеце, бо хутка ўжо два гады атрымоўваю яе без перапынкаў. Праўда, два гады гэта было немагчыма і прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб таго дамагчыся».

Сярод іншага ў паштоўцы ад Міколы выказваюцца меркаванні, якія з прычыны іх грамадскай значнасці, на мой погляд, неабходна апублікаваць. Вось яны.

«Наконт справы для мяне на волі, — піша лідар сацыял-дэмакратаў і экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта, — можна будзе казаць, калі я на той волі апынуся. Беларусь — вось мая справа». Ён падзякаваў за ўпэўненасць у яго хуткім вызваленні, але з сумнай іроніяй адзначыў, што такія прагнозы чуе «болей за тры гады», намаляваўшы ў гэтым месцы смайлік.

І з той жа лёгкай іроніяй працягнуў: «Але пакуль што выпусціць мяне баяцца. Нават ахвяруюць з-за гэтага мажлівасцю атрымаць заходнія крэдыты, каб датрываць без яшчэ большай дэвальвацыі да выбараў. Міжволі пачынаеш гадаць, ці гэта я такі жахлівы зрабіўся, ці гэта на волі з лідарамі зараз усё так кепска? (і тут смайлік)».

І ўжо жорстка і адназначна яшчэ раз адзначыў даўно ім сцверджанае не проста словамі, а ўчынкамі: «У любым выпадку, я на прагнозы не замарочваюся — буду сядзець колькі спатрэбіцца, і «прашэнне» ад мяне ніхто не дачакаецца».

Адзначыў Мікола таксама, што адчувае сябе добра, «праўда, дзеля гэтага прыходзіцца шмат працаваць, бо ўтрыманне ў камеры на працягу 3,5 гадоў (калі лічыць паўгода СІЗА) здароўя не дадае. Таму штодзённа трэніруюся».

Яшчэ адзін цікавы штрых, які сведчыць пра яго палітычны аптымізм і духоўную ўстойлівасць: Мікола скончыў цыкл англійскай мовы на курсах ЕШКО з адзнакай выдатна, пракаментаваўшы гэту падзею тым жа смайлікам.

І супакоіў на развітанне: «Трымайся. Усё будзе добра».