Міліцыя не знайшла экстрэмізму ў дзейнасці беларускіх сепаратысцкіх груп у сацсетках

 Аддзел унутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля даслаў адказ журналісту-фрылансеру Канстанціну Жукоўскаму на яго заяву пра існаванне ў сацсетках груп, накіраваных на раз'яднанне Беларусі.

belsat.eu

belsat.eu

У прыватнасці, Жукоўскі паказваў на групы ў сацсетцы "УКантакце": "Віцебская Народная Рэспубліка" і "Гомельская Народная Рэспубліка", якія прапагандуюць сепаратызм і ўваходжанне названых абласцей Беларусі ў склад Расеі.
Як паведаміў БелаПАН Жукоўскі, у лісце за подпісам начальніка АУС Уладзіміра Мялешкі гаворыцца, што міліцыя правяла праверку і прыняла рашэнне спыніць разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, бо "ў названых групах экстрэмісцкіх выказванняў, накіраваных супраць дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь, не знойдзена". Таксама паведамляецца, што ў рамках праверкі ўстанавіць асоб, якія стварылі гэтыя групы, не было магчыма. Ліст складзены на беларускай мове, праўда, з некалькімі памылкамі.
"Лічу, што міліцыя не мае рацыі і гэтыя групы, асабліва віцебская, прапагандуюць сапраўдны сепаратызм, таму буду абскарджваць гэтае рашэнне", — сказаў Жукоўскі.
БелаПАН