Міліцыя папярэдзіла арганізатараў «дзіцячага казацкага клуба» на Віцебшчыне

«Наша Ніва» паведамляла пра спробы вывозіць беларускіх дзяцей у ваенізаваныя лагеры ў Расіі, дзе іх школілі ў тым ліку баевікі «ДНР». Дачыненне да гэтага мелі псеўдаказацкія структуры.

Казак Шаўчэнка — у шапцы

Казак Шаўчэнка — у шапцы


Другая публікацыя «Нашай Нівы» на тую ж тэму датавалася 16 верасня, калі выявіўся новы кіраўнік «беларускай дэлегацыі» на чарговых дзіцячых зборах пад кіраўніцтвам баевікоў Данбаса. Гэта быў расійскі казак Аляксандр Шаўчэнка, які раней ужо фігураваў у нашых расследаваннях як адзін з «выхавацеляў» пры «ваенна-патрыятычных» клубах Віцебскай епархіі.
Цяпер гэты Аляксандр Шаўчэнка апублікаваў вялізны тэкст на сайце так званай «карпарацыі Енот», у якім прызнаў, што беларускія ўлады спынілі дзейнасць сумнеўных дзіцячых клубаў у Віцебску.Шаўчэнка абвінаваціў беларускія ўлады ў пераследзе расійскіх арганізацый, а «Нашу Ніву»… у супрацоўніцтве з «Ісламскай дзяржавай».
«Найбольш абуральныя факты звязаныя з пераследамі прарасійскіх грамадскіх арганізацый у выніку прамых даносаў «Нашай Нівы», — апроч іншага, піша Шаўчэнка. Кіраўнікі і ўдзельнікі патрыятычных клубаў падвяргаюцца сістэматычнаму ціску, адзначае ён.
Напрыклад, дзіцяча-юнацкі ваенна-патрыятычны клуба з г. Віцебска, створаны ў 2011 членамі Віцебскага казацкага паста «Вароты Паазер'я» Таццянай Гаўрылінай і яе мужам Міхаілам Гаўрыліным, «усе гэтыя гады паспяхова працаваў, набыўшы папулярнасць у мясцовай моладзі. Маючы цалкам афіцыйны статус, ён у розны час дзейнічаў у складзе розных дзяржаўных і грамадскіх арганізацый. Сябры клуба неаднаразова выязджалі ў Расію для ўдзелу ў вайскова-патрыятычных мерапрыемствах». Паводле Шаўчэнкі, «ніякіх нараканняў з боку афіцыйных уладаў праца клуба не выклікала».
Далей Шаўчэнка расказвае, што сітуацыя змянілася пасля таго, як дзейнасць клуба заўважылі журналісты.

На фота — арганізатары збораў, пасля якіх віцебскі клуб закрылі.

На фота — арганізатары збораў, пасля якіх віцебскі клуб закрылі.


«У 2014 годзе без тлумачэння прычын віцебскі клуб быў адхілены ад удзелу ў Друцкіх зборах, прычым ініцыятарам гэтай акцыі стаў пробашч мясцовага друцкага праваслаўнага прыходу Алег Плаксіцкі. У 2015 годзе з-за схаванага і яўнага процідзеяння царкоўных чыноўнікаў клубу не ўдалося атрымаць афіцыйнага статусу ў рамках структур Віцебскай епархіі [насамрэч у 2015 годзе клуб «казакоў» яшчэ гастраляваў на Віцебшчыне па лініі Віцебскай епархіі, тут Шаўчэнка проста спрабуе адвесці падазрэнні ад сваіх кантактаў — НН].
Але пасля вяртання з падмаскоўных збораў клуб зацкавала «Наша Ніва», да якой далучыліся афіцыйныя выданні.
Услед за гэтым афіцыйную праверку пачало Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Па яе выніках афіцыйна было абвешчана, што прэтэнзій да арганізатараў і ўдзельнікаў гэтай паездкі ў праваахоўных органаў няма, аднак у прыватнай гутарцы з кіраўнікамі клуба было сказана, што яны ўсё роўна застаюцца пад падазрэннем, і ў выпадку, калі яны яшчэ раз дадуць такога кшталту «інфармацыйную нагоду» для «белапазіцыі», да іх будуць прынятыя меры, ажно да дэпартацыі з Беларусі. Фактычна гэта азначала забарону на працу з дзецьмі і моладдзю», — піша Шаўчэнка.
З гэтага часу тэлефоны членаў сям'і Гаўрыліных сталі праслухоўвацца, а электронная пошта — перыядычна ўзломваецца са знікненнем дасланых лістоў, сцвярджае Шаўчэнка.
«У выніку дзейнасць клуба прыпынілася і ён фактычна спыніў сваё існаванне», — піша Шаўчэнка і дадае, што «ніводная з арганізацый расійскіх суайчыннікаў, уключаючы казачыя аб'яднанні, пратэсту супраць цкавання членаў клуба не выказала. Абыякавымі засталіся і расійскія афіцыйныя асобы».
Пры гэтым Шаўчэнка піша, што той самы рэзанансны выезд адбыўся, калі клуб ужо перайшоў пад апеку віцебскай арганізацыі афганцаў, кіраўнік якой нават знайшоў сродкі, каб часткова пакрыць дзецям кошт паездкі.
Таксама Шаўчэнка глыбока прааналізаваў змест сайта «Нашай Нівы» і прыйшоў да высновы, што беларуская газета звязаная са структурамі «Ісламскай дзяржавы» — пра гэта «сведчыць» жнівеньскі перадрук з агенцтва Reuters пра паразу сілаў Асада пад Алепа.

tj2r8pb7u84_1024x680_ho9zs.jpg


Пры канцы свайго тэксту Шаўчэнка заклікае расійскіх дыпламатаў, спецслужбы і паліцыю РФ звярнуць увагу на «спрыянне беларускіх уладаў русафобскай дзейнасці «Нашай Нівы», як і ўсёй беларускай апазіцыі».Пад артыкулам Шаўчэнка падпісвае сябе як «старший научный сотрудник Института социологии РАН, хорунжий Московского казачьего отряда им. Св. блгв. великого князя Александра Невского».
Паводле nn.by