Міліцыя склала партрэт тыповага пратэстоўца ў Беларусі
Учора беларуская міліцыя адзначала сваё прафесійнае свята і зноў пахвалілася поспехамі ў затрыманні мірных пратэстоўцаў і ў тым, колькі спраў заведзена супраць іх.
Так, у праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь-1» намеснік міністра ўнутраных спраў — кіраўнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч распавёў пра сацыяльны партрэт тыповага пратэстоўца.
— Я думаю, гледачу будзе цікава пачуць, што мы склалі сацыяльны партрэт такога злачынца. Гэта непрацуючы мужчына ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў або які працуе на нейкай нізкааплатнай пасадзе. І на пытанне — а мы кожнаму задаём гэтае пытанне: «Што цябе падштурхнула пагражаць, добра міліцыянту — у нас такая прафесія рызыкоўная — жонцы міліцыянта, дзецям міліцыянта? Навошта ты гэта робіш?» — гучыць шаблонны адказ: «Я такім чынам выказваю сваю грамадзянскую пазіцыю».
Паводле слоў Казакевіча, грамадзянскую пазіцыю трэба выказваць на выбарчым участку або ва ўстаноўленым законам парадку.
— Але ўсё, што звязана з пагрозамі, з абразай, непрыхаваным інфармацыйным ціскам, безумоўна, будзе спыняцца, — заявіў ён.
У студзені ў адзін з навінавых сюжэтаў БТ трапіла міліцэйская статыстыка — «сацыяльна-ўзроставы партрэт асоб, затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Згодна з гэтай статыстыкай, больш за 56% пратэстоўцаў — асобы ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў. Сярод іх беспрацоўных —19%, тых, хто працуе, — амаль 53%, пенсіянераў — 22%.
Паводле www.the-village.me