Начальнік мінскай міліцыі расказаў пра 293 злачынствы супраць міліцыянтаў пасля выбараў

Падарваць маральны дух міліцыянтаў не ўдалося. Кіраўнік мінскай міліцыі Міхаіл Грыб адзначыў, што яны ўсе «зрабілі свой выбар», паведамляе «Свабода».

79d6f767_49f7_4116_81bc_034a5301a0b0_cx0_cy15_cw0_w1023_r1_s.webp

Міхаіл Грыб

Генерал-маёр Міхаіл Грыб сказаў, што міліцыянты, нягледзячы на гэта, захоўваюць «вельмі высокі маральны дух».

Паводле слоў Міхаіла Грыба ў інтэрв’ю дзяржаўнаму агенцтву «Минск-Новости», яшчэ ў самым пачатку выбарчай кампаніі ў інтэрнэце разгарнулася маштабная дзейнасць для інфармацыйнага ўздзеяння на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх сем’яў: «Публікаваліся абразы, паклёпніцкія звесткі, пагрозы». Усе гэтыя каналы, як думае Грыб, стваралі з адной мэтай — «дэстабілізаваць працу міліцыі».

Але падарваць маральны дух міліцыянтаў не ўдалося, бо, адзначыў Грыб, яны ўсе «зрабілі свой выбар», дакладна ўсведамляючы, што «служаць правапарадку, закону і народу, кіруючыся заканадаўствам, Канстытуцыяй і Статутам». Апошнія падзеі нібыта яшчэ больш «зядналі міліцэйскі калектыў».

Таксама генерал-маёр падкрэсліў, што міліцыя на працягу значнага часу адзначае тэндэнцыю зніжэння «дэструктыўных праяў».

«Усяго ў час правядзення выбарчай кампаніі і ў постэлектаральны перыяд зарэгістравана больш за 600 злачынстваў, накіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў сталіцы, чвэрць з якіх склалі злачынствы, звязаныя з супрацівам супрацоўнікам органаў унутраных спраў i iншым асобам, якія ахоўваюць грамадскі парадак, гвалтам ці пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў».

Паводле статыстыкі Грыба, каля пятай часткі злачынстваў — хуліганства, а кожнае шостае — апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці.

Акрамя таго, кіраўнік мінскай міліцыі выказаўся за захаванне практыкі лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛПП), якія неаднаразова міліцыі прапаноўвалі ліквідаваць.

«Хай і на час, але яны ізалююць грамадзяніна, які злоўжывае алкаголем, ад нядобрага атачэння. Ён прывыкае да пэўнага распарадку дня, дысцыпліны. Той год, пакуль чалавек будзе знаходзіцца ў ЛПП, яго сям’я зможа жыць спакойна».

Фота minsknews.by

Фота minsknews.by

40-гадовага Грыба прызначылі начальнікам мінскай міліцыі ў кастрычніку мінулага года, раней ён год і сем месяцаў узначальваў міліцыю ў Віцебску. У сталіцы ён змяніў на пасадзе Івана Кубракова, які пайшоў на павышэнне, атрымаўшы ад Лукашэнкі пасаду міністра ўнутраных спраў.

Ад 9 жніўня 2020 года па фактах перавышэння службовых паўнамоцтваў супраць міліцыянтаў не пачалі аніводнай крымінальнай справы.