Міліцыя выбачылася перад журналістам

Міліцыя папрасіла прабачэння ў журналістаў за непрафесійныя дзеянні сваіх супрацоўнікаў

Уладзімір Лапцэвіч

Уладзімір Лапцэвіч

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей прынёс прабачэнні магілёўскаму журналісту Уладзіміру Лапцэвічу за непрафесійныя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

29 красавіка мінулага года супрацоўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Калеснікаў не пусцілі ў залу пасяджэнняў адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва журналіста агенцтва БелаПАН.

У памяшканні павінен быў адбыцца сход чальцоў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”, ініцыяваны раённымі ўладамі. Чальцы кааператыва хацелі, каб пасяджэнне прайшло галосна, і запрасілі на сход карэспандэнта БелаПАН.

Аднак работнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання адміністрацыі раёна, які выступаў арганізатарам мерапрыемства, адмовіўся прапускаць у залу пасяджэнняў журналіста. Ён таксама адмовіўся выдаць кнігу заўваг і прапаноў на патрабаванне Лапцэвіча, калі журналіст пажадаў напісаць скаргу на дзеянні чыноўніка.

У сувязі з падзеямі амаль гадавой даўніны Міністэрства ўнутраных спраў прынесла прабачэння ў журналісту за непрафесійныя дзеянні падначаленых.

Кіраўніцтву міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магілёўскага аблвыканкама таксама даручана арганізаваць правядзенне дадатковай праверкі па заяве Лапцэвіча, пра вынікі якой журналіст будзе праінфармаваны, — гаворыцца ў лісце Алега Каразея.

Раней ужо быў пакараны за нядбайную працу з дакументамі ўчастковы інспектар Ленінскага РАУС Магілёва Мікалай Ганчаронак, які згубіў заяву журналіста з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці чыноўніка.

Разам з тым Уладзімір Лапцэвіч па-ранейшаму працягвае дабівацца прыцягнення чыноўніка і ўчастковага інспектара да крымінальнай адказнасці за стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста (арт. 198).

 baj.by