Міліцыя занялася прыхільнікамі «традыцыйных каштоўнасцей»
Пралайферы пішуць звароты ў дзяржорганы з 2018 года — супраць абортаў, за забарону «ЛБГТ-ідэалогіі», супраць закона аб хатнім гвалце. Цяпер міліцыя прыйшла правяраць нават іх.

Фота з сайта sib-catholic.ru
Міліцыянты пачалі прыходзіць да грамадзян, якія збіралі подпісы да Лукашэнкі ўвосень 2021 года. Гэта група, якая называе сябе «прадстаўнікамі пралайферскіх арганізацый» і «прыхільнікамі традыцыйных каштоўнасцей», паведамляе «Еўрарадыё».
У звароце яны прасілі, каб Лукашэнка не прымаў паправак у закон аб прафілактыцы правапарушэнняў. На іх думку, гэтыя папраўкі былі аналагічныя закону аб хатнім гвалце.
«Мэта гэтага праекта — не абарона рэальных ахвяр, а прасоўванне ў беларускае заканадаўства прынцыпаў радыкальных антысямейных ідэалогій — такіх, як фемінізм, гендарная ідэалогія і тэхналогіі дэпапуляцыі. Праект накіраваны на дыскрымінацыю мужчын і разбурэнне сям’і», — заяўлялі аўтары звароту.
Цяпер імі зацікавілася міліцыя.
«Пыталіся, ці сапраўды я ставіла подпіс і што мне не падабаецца», — расказвае адна з падпісантак. У іншай міліцыя пыталася, для чаго яна ставіла подпіс пад зваротам, калі і дзе.
Гэтая група пралайфераў піша звароты ў дзяржорганы з 2018 года — супраць абортаў, за забарону «ЛБГТ-ідэалогіі», супраць закона аб хатнім гвалце. Дарэчы, у 2018 годзе закон аб хатнім гвалце не быў прыняты — так распарадзіўся Лукашэнка.