Міліцыя затрымала пенсіянерку за надпіс «Навінкі чакаюць псіха» і завялі крымінальную справу
Міліцыянты абвінавацілі 68-гадовую жанчыну ў тым, што яна «пакінула цынічныя надпісы на сценах каля чыгункі», піша «Еўрарадыё».
Прэс-служба МУС Беларусі паведамляе пра чарговае затрыманне. На гэты раз у рукі міліцыі трапіла 68-гадовая жанчына, якая "пакінула цынічныя надпісы на сценах каля чыгункі". На відэа жанчыну просяць паўтарыць тэкст надпісу, і яна кажа: "Навінкі чакаюць псіха". Яна называе і прозвішча чалавека, якога мела на ўвазе. Але з відэа яго прыбралі.
Жанчына кажа, што зрабіла надпіс з-за таго, што ў кастрычніку міліцыя затрымала яе сына, хаця ён не ўдзельнічаў у акцыі пратэсту. У дачыненні пенсіянеркі распачалі крымінальную справу па факце "апаганьвання збудаванняў і псавання маёмасці".
За апошнія месяцы міліцыя затрымлівае ў Беларусі сотні і сотні грамадзян, якія розным чынам выказваюць свой пратэст і незадавальненне дзеяннямі ўладаў. Напрыклад, у Мастах мясцовы жыхар вешаў пудзіла міліцыянера і клаў яго ў труну. Распачынаюцца крымінальныя справы.