Міліцыянт засудзіў блогерку за слова «мент»

Супрацоўнік УУС Мінскага метрапалітэну Ігар Дулько дамогся праз суд пакарання блогеркі Алены Мельнікавай (псеўданім — Лена Стогава).



stogava.jpg

Алена Стогава
Справу за абразу службовай асобы пры выкананьні службовых абавязкаў разгледзеў 19 студзеня Кастрычніцкі суд сталіцы. Блогерку пакаралі штрафам у 3 мільёны 600 тысяч рублёў.
Міліцыянта пакрыўдзілі ў допісе Алены Мельнікавай словы «мент», «мянтоўская краіна» і «ненавіджу вас усёй душой», якія ён прыняў на свой рахунак.
Увечары 3 снежня 2014 году Алену Мельнікаву не прапусцілі ў метро супрацоўнікі аховы на станцыі «Парк Чалюскінцаў». Яны палічылі, што дзяўчына ў нецвярозым стане. Алена сцвярджае, што была цвярозай і ў той вечар была згодная прайсці медычны агляд. Аднак супрацоўнікі метро ў гэтым ёй таксама адмовілі. Алена апісала інцыдэнт на сваёй старонцы ў «Жывым журнале» ў допісе «Сёе-тое пра маю мянтоўскую краіну».
«Мянты, лайдакі. Бяспека краіны... Ненавіджу вас, «абаронцы айчыны»! Так і ведайце», — напісала Алена.
16 студзеня Мельнікаву выклікалі ў УУС Мінскага метрапалітэну. Там яна даведалася, што прапаршчык Ігар Дулько накіраваў позву ў суд. У блогу Алена Мельнікава не называла імёнаў міліцыянтаў, але размясціла фота, на якім быў і прапаршчык Дулько.
Паводле абароны, гэты допіс адлюстроўваў меркаванне блогеркі і не абражаў канкрэтнай асобы. Акрамя таго, Алена Мельнікава адмаўляе два каментары, якія таксама ставіліся ёй у віну: «яны бязмозглыя пешкі, якія жывуць за мае падаткі», «мае падаткі кормяць гэтае тлустае мянтоўскае цела», перадае БелаПАН.
Ігар Дулько заявіў, што запіс блогеркі яго абразіў.
Алена Мельнікава — PR-спецыяліст і блогер. Працавала прэс-сакратаром на «Беларусьфільме», журналістам дзяржаўных тэлеканалаў, уваходзіла ў прэзідэнцкі пул.
svaboda.org