Мільярд пластыкавых бутэлек выкідаюць кожны год беларусы — на Кастрычніцкай з’явілася экаінсталяцыя

За тыдзень установы мінскай вуліцы Кастрычніцкай выкідаюць больш за 20 000 пластыкавых бутэлек. Гэты аб’ём ледзь удалося змясціць у рэтра-аўтобус, які 31 кастрычніка прыпаркаваўся ў канцы тусовачнай вуліцы. Там жа абсталявалі прыпынак «Тупік» (вул. Кастрычніцкая). Назва мае як літаральны, так і вобразны сэнс.

mart8840.jpg

«Тупік — кірунак, куды мы рухаемся праз сваю безадказнасць і неасэнсаванае спажыванне аднаразовага пластыку, — каментуе Наталля Грынцэвіч, дырэктар дзяржаўнай установы „Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў“. — Толькі ўявіце, калі адна менская вуліца за некалькі дзён прадукуе цэлы аўтобус пластыку, то што адбываецца ва ўсёй сталіцы, краіне, свеце. Кожны год беларусы выкідаюць больш за мільярд ПЭТ-бутэлек!».

За 20 000 ПЭТ-бутэлек — гэтая лічба стала нагляднай дзякуючы ўстанове «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» і руху «Мэта 99». Ініцыятары акцыі ўжо пачалі трансфармаваць Кастрычніцкую ў plastic-free тэрыторыю. Каб паменшыць спажыванне пластыку, кожны неабыякавы чалавек можа абраць з 3-х варыянтаў дзеянняў найбольш зручны для сябе:

  1. Насіць шматразовую бутэльку / кубак;
  2. Купляць напоі ў больш экалагічнай шкляной тары;
  3. Здаваць выкарыстаны пластык на перапрацоўку.

У бліжэйшыя дні ініцыятары праекта паставяць кантэйнеры для збору другасных рэсурсаў каля устаноў, а таксама падораць спецыяльныя ёмістасці для збору адходаў шкла, паперы і пластыку офісам, якія жадаюць далучыцца да акцыі. Бары Кастрычніцкай далучацца да экатрэнду і будуць прапаноўваць гасцям «піць за здароўе планеты», матывуючы замаўляць напоі ў шкляным посудзе.