Мінбудархітэктуры плануе да 2015 года падвоіць аб'ёмы ўводу жылля і давесці яго да 9–9,5 млн. кв. метраў у год

Мінбудархітэктуры плануе да 2015 года падвоіць аб'ёмы ўводу жылля і давесці яго да 9—9,5 млн. кв. метраў у год. Гэта прадугледжана канцэпцыяй жыллёвага будаўніцтва Беларусі, якая вызначае дынаміку ўводу жылля ў краіне да 2015 года, паведаміў 30 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў.



zyl.jpg

Паводле яго слоў, у 2012 годзе было ўведзена ў эксплуатацыю 4,5 млн. кв. метраў жылля, з іх 2,5 млн. пабудавана з дзяржпадтрымкай. "Сярэднегадавы кошт аднаго квадратнага метра жылля, які будуецца з дзяржпадтрымкай, склаў 3,5 млн. рублёў. Гэта статыстычныя звесткі. У нашых разліках гэтая лічба максімальна мела значэнне 3,88 млн. рублёў", — адзначыў Нічкасаў.
 


Міністр паведаміў, што новая канцэпцыя жыллёвага будаўніцтва пашырыць інструменты фінансавання гэтай сферы. "Да істотных зрухаў я б аднёс намер Нацбанка стварыць нацыянальнае агенцтва іпатэчнага крэдытавання", — сказаў Нічкасаў. Таксама сярод новаўвядзенняў канцэпцыі ён назваў змену падыходаў да тыпалогіі жылля. У прыватнасці, плануецца аддаць перавагу арэнднаму жыллю і індывідуальнаму жыллёваму будаўніцтву, тэрміны ўзвядзення якога будуць скарочаны да аднаго года.


Акрамя таго, падкрэсліў Нічкасаў, канцэпцыя прадугледжвае змяненне заканадаўства і нарматыўна-прававой базы ў галіне будаўніцтва, што, на яго думку, палепшыць клімат у гэтай сферы. Дакумент уключае праекты ўказаў прэзідэнта аб долевым будаўніцтве і аб гарадах-спадарожніках.

Ганна Афоніна, БелаПАН