Мінчанку асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у Маршы адзінства

Праваабаронцам стала вядома пра прысуд Вользе Чарнушыч. 29 сакавіка 2022 суддзя Савецкага раёна Мінска Алена Жуковіч прызнала яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і агучыла вырак: тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Марш адзінства

Марш адзінства

Згодна з абвінавачваннем, 6 верасня 2020 года дзяўчына прыняла ўдзел у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэста.

Абвінавачанне было ўпэўненае, што яна ўдзельнічала ў мерапрыемстве у складзе групы асобаў па папярэдняй змове. Пры гэтым дзяўчына нібыта публічна выкрыквала лозунгі, блакавала рух транспарта і не падпарадкоўвалася патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі «спыніць названыя групавыя дзеянні».