Мінчука арыштавалі на 15 сутак за стужкі на плоце
Яго вылічылі па следзе на снезе.
Вечарам 20 лютага «неабыякавы грамадзянін» паскардзіўся ў міліцыю на тое, што група людзей на вул. Макаёнка вешае стужкі на плот. Праз 15 хвілін міліцыянты затрымалі дваіх мужчын: Андрэя Залатарова і Яўгена Касенку. На мужчын склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП. Андрэй і Яўген віны сваёй не прызналі, бо, паводле іх слоў, удзелу ў гэтым не прымалі, а прыйшлі, калі стужкі ўжо віселі.
Судзілі іх толькі праз трое сутак у судзе Першамайскага раёна. Віну мужчын спрабавалі даказаць відэазапісам з камер назірання, на якім шэсць чалавек вешаюць стужкі на плот. Але мужчыны на гэтым відэа сябе не пазналі. Таксама віну Яўгена па адміністратыўнай справе даказвалі слядамі на снезе. Пратэктар красоўкаў Касенкі нібыта супаў са следам на гурбе снегу каля плота «на месцы правапарушэння».
У выніку, суддзя Максім Трусевіч прызнаў Яўгена Касенку вінаватым па арт. 23.34 КаАП і пакараў яго арыштам тэрмінам на 15 сутак, а справу Андрэя Залатарова адправіў на дапрацоўку.