Мінгарсуд змякчыў прысуд фельчару, асуджанаму за смерць Ігара Пцічкіна
Фельчар СІЗА №1 Крылова, якога асудзілі за смерць асуджанага Ігара Пцічкіна, правядзе за кратамі не тры гады, а 2 гады 10 месяцаў.

Фота: svaboda.org
Такое рашэнне вынесла судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, якая разглядала апеляцыю фельчара, перадае БЕЛТА.
Папярэдні прысуд 21 кастрычніка вынес суд Маскоўскага раёна Мінска. Фельчара прызналі вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць асуджанага.
Судовая калегія пастанавіла выключыць з папярэдняга прысуду абставіны, якія абцяжарваюць адказнасць абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства ў дачыненні да асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане. У астатнім прысуд пакінуты без зменаў.
Як паведамлялася раней, Ігар Пцічкін памёр у жніўні 2013 года у СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Мінску. Прычынай смерці назвалі вострую сардэчна-сасудзістую недастатковасць. Медыкі заявілі, быццам Пцічкін ужываў спайсы і алкаголь, і ў яго за кратамі пачалася "ломка", ад чаго ён і памёр.
Справу супраць медыкаў СІЗА №1 спынілі ў студзені 2014 года. Аднак сваякі памерлага не пагадзіліся са спыненнем справы і дамагліся яе аднаўлення праз Генпракуратуру.
Еўрарадыё