Мінінфармацыі: Гэта не папярэджанні, гэта толькі інфармацыйныя лісты
У ведамстве пракаментавалі факты атрымання некаторымі інтэрнэт-рэдакцыямі «папярэджанняў».
![pointing_the_finger.jpg pointing_the_finger.jpg](/img/v1/news/full/pointing_the_finger.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У сярэдзіне мая лісты з Міністэрства інфармацыі атрымалі адразу некалькі вядомых інтэрнэт-рэсурсаў. Сярод іх сайт радыёстанцыі «Радыё Рацыя», музычны партал
«Тузін.fm», сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
У інтэрнэце пайшла пагалоска аб папярэджаннях, якія нібыта атрымліваюць інфармацыйныя рэсурсы.
Як расказалі Еўрарадыё ў прававым аддзеле Мінінфармацыі, гэта не так:
«Дакументы, атрыманыя названымі вамі сайтамі, не з’яўляюцца папярэджаннямі. Гэта інфармацыйныя лісты аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства.
Мы не можам пакуль назваць вам прычыны таго, чаму іх вырашылі даслаць менавіта ў такія рэдакцыі. Міністэрства інфармацыі цяпер займаецца складаннем базы ўладальнікаў сайтаў», —
паведамілі ў Мінінфарме.
Пасля ўвядзення зменаў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі» ў Беларусі доступ да любога інфармацыйнага інтэрнэт-сайта можна закрыць за два і больш папярэджанняў, атрыманых
на працягу года.
![infarmlisty.jpg infarmlisty.jpg](/img/v1/userfiles/images/infarmlisty.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)