Міністр інфармацыі запрасіў старшыню БАЖ на сустрэчу

Беларуская асацыяцыя журналістаў двойчы за апошні час звярталася ў Міністэрства інфармацыі з прапановай зладзіць сустрэчу з міністрам. Асноўная тэма — змены ў закон «Аб СМІ», якія рыхтуюць адпаведныя дзяржаўныя органы, кажа Еўрарадыё старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Здымак: «Еўрарадыё»

Здымак: «Еўрарадыё»


Бастунец: «Самае галоўнае, чаму мы звярталіся двойчы ў Мінінфарм: былі заявы міністра пра тое, што рыхтуюцца змены, нават прагучала — новая рэдакцыя закона, у закон «Аб СМІ». Мы хацелі б абмеркаваць тое, у якім кірунку гэтыя змены пойдуць, і заклікаць, каб абмеркаванне магчымых зменаў адбывалася галосна, з прыцягненнем да працэсу грамадскасці. Каб меркаванне грамадскасці наконт прапанаваных зменаў было ўлічанае. Ну і, зразумела, мы не можам пакінуць па-за ўвагай іншыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю СМІ, блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў, да прыкладу».
Апроч таго, кажа Андрэй Бастунец, БАЖ гатовы прапанаваць Мінінфарму дапамогу сваіх юрыстаў у падрыхтоўцы любых іншых дакументаў ці праектаў, звязаных з дзейнасцю СМІ.