Міністр культуры выступіў за наданне Нацыянальнаму аэрапорту імя Скарыны
Барыс Святлоў падтрымлівае ідэю, каб Нацыянальны аэрапорт насіў імя Францішка Скарыны, а самалёты — імёны выдатных дзеячаў мастацтваў.
Чыноўнік паведаміў, што яго ведамства ўжо накіравала звароты на гэты конт у адпаведныя дзяржаўныя структуры. Пра гэта міністр культуры заявіў у каментары інфармагенцтву БЕЛТА. "Такая ініцыятыва агучаная не ўпершыню, яна нарадзілася некалькі гадоў таму, але рэалізацыя яе ў Год культуры была б сімвалічнай", — мяркуе Святлоў.
Нагадаем, з ідэяй надаць галоўнаму аэрапорту краіны імя асветніка і першадрукара некалькі месяцаў таму выступіла група беларускай інтэлігенцыі. Як вядома, у 2017 годзе Беларусь будзе адзначаць 500-годдзе з часу, калі Скарына выдрукаваў Псалтыр.
Гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў прапанаваў таксама надаць самалётам імёны выдатных дзеячаў мастацтваў.
Паводле euroradio.by