Міністра спорту звольнілі за карупцыйны скандал у Палацы спорту?

15 лютага Аляксандр Лукашэнка з фармулёўкай «за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях» вызваліў ад пасады міністра спорту Аляксандра Шамко. Па інфармацыі Еўрарадыё, гучная адстаўка звязаная з карупцыйным скандалам у Палацы спорту.

palats.jpg

Паводле нашых крыніцаў, дырэктар Палаца спорту Сяргей Прановіч затрыманы. Яго няма на працоўным месцы «і не будзе да канца месяца», кажуць у прыёмным пакоі. Мабільны тэлефон Прановіча недасяжны.
Прозвішча Прановіча знікла з раздзела «Кантакты» на сайце Палаца спорта. Замест яго там згадваецца Аляксандр Рагоўскі – як выканаўца абавязкаў дырэктара:

palats_3.png

Раней гэтая старонка выглядала іншым чынам – яе копія захоўваецца ў вэб-архіве на сайце web.archive.org:

palats_2.png


У аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў Следчага камітэта Беларусі інфармацыяй аб затрыманні Сяргея Прановіча не валодаюць. Звязацца з прэс-службай КДБ, па лініі якога таксама можа быць затрыманы дырэктар Палаца спорту, у Еўрарадыё пакуль не атрымалася.
Пра Сяргея Прановіча вядома няшмат. Ён непублічная персона, амаль не даваў інтэрв'ю. У прэсе яго імя найбольш актыўна згадвалася два гады таму. 25 сакавіка ў Палацы спорту мусіў прайсці канцэрт «Каго любіш? Люблю Беларусь!», прысвечаны Дню Волі. Але Прановіч адмовіў арганізатарам ва ўжо было арандаваным памяшканні, спаслаўшыся на «ўцечку этыленгліколю».
Паводле Еўрарадыё