Мінюст: вылучаць кандыдатаў у дэпутаты змогуць 40 арганізацый
Па стане на 1 кастрычніка ў Беларусі зарэгістравана 2460 грамадскіх аб'яднанняў, з якіх 685 маюць рэспубліканскі статус. Больш за 40 зарэгістраваных рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў маюць колькасць 1000 і больш членаў. Аб гэтым карэспандэнту Тэлеграфа паведаміла начальніца ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый міністэрства юстыцыі Беларусі Алена Кірычэнка.
Паводле яе слоў, да найбольш шматлікіх адносяцца Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Грамадскае аб'яднанне "Беларуская рэспубліканская піянерская
арганізацыя", Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных, Грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", Грамадскае
аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын", Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" і іншыя.
Як паведамляў Тэлеграф, Цэнтрвыбаркам Беларусі падрыхтаваў і перадаў на разгляд прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прапановы па змене выбарчай сістэмы. Так, ЦВК прапаноўвае дазволіць вылучаць кандыдатаў
у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім аб'яднанням колькасцю ад тысячы чалавек і прыбраць з Выбарчага кодэксу палажэнне аб агітацыі за байкот выбараў.
У адказ на гэта намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заявіў, што прапанаваныя ЦВК папраўкі ў Выбарчы кодэкс катэгарычна непрымальныя. Паводле яго слоў, яны могуць
прывесці да распаду партыйнай сістэмы ў краіне. Адзначыўшы, што папраўкі ўводзяцца з мэтай даць магчымасць вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ад "Белай Русі" і БРСМ, ён заявіў, што такое
ж права атрымаюць і "зусім непалітычныя арганізацыі, такія як таварыства аховы помнікаў, таварыства філатэлістаў і любое таварыства абароны жукоў колькасцю больш за тысячу
чалавек".