Мінкульт Беларусі адмовіў ТБМ ва ўшанаванні Барыса Кіта на дзяржаўным узроўні
Вечарына памяці Барыса Кіта, прысвечаная 108-й гадавіне з дня яго нараджэння, прайшла ў сядзібе Таварыства беларускай мовы – перадае Радыё Свабода.
Старшыня ТБМ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім успомніла добрым словам Барыса Кіта як асветніка, навукоўца, шчырага патрыёта, які ніколі ня здраджваў беларушчыне.
Алена Анісім расказала, што ТБМ сёлета, пасля смерці Барыса Кіта, накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта ліст з прапановай ушанаваць памяць выдатнага асветніка і навукоўца на дзяржаўным узроўні, але атрымала адказ ад намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко.
У ім міністар расказвае, што Барыс Кіт ужо ўшанаваны ў Беларусі — ён з'яўляецца ганаровым грамадзянінам гораду Наваградку і ганаровым доктарам Горадзенскага ўніверсітэту, у Наваградскім дзяржаўным краязнаўчым музеі яму прысвечана экспазіцыя, а ў Наваградскай сярэдняй школе № 1, дзе ён быў дырэктарам, створаны музейны пакой.
Наконт выдання паштовага канверта ці маркі ў гонар Кіта Яцко адказаў, што яны могуць быць выдадзеныя толькі праз 5 гадоў пасля смерці чалавека ці да юбілеяў. Паводле Мінкульту, няма магчымасці арганізаваць экспазіцыю, прысвечаную Барысу Кіту, у Нацыянальным гістарычным музеі, бо ў яго фондах няма матэрыялаў пра жыццё і дзейнаьць гэтага навукоўца.
Разам з тым, паводле Яцко, у новым будынку гістарычнага музею могуць з'явіцца згадкі пра Кіта, таму што там адзін з раздзелаў будзе прысвечаны беларусам замежжа. Больш ушаноўваць памяць Барыса Кіта на дзяржаўным узроўні не плянуецца.
Аўтарка кніг пра Кіта Лідзія Савік сказала, што той і не спадзяваўся на цяперашнія беларускія ўлады, а зробленае для ўшанавання ягонага імя ў Беларусі здзейсьнена ня ўладамі, а грамадскасцю.
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазней Наваградскай гімназіі. За беларускую дзейнасць пераследаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Прафесар, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднанняў.
Памёр 1 лютага 2018 года на 108-м годзе жыцця. Пахаваны ў Вісбадэне.