Мінскай школе прысвояць імя грамадзянкі ЗША
Ад 25 красавіка 2016 году мінская школа № 130 будзе насіць імя грамадзянкі Злучаных Штатаў Амэрыкі Рут Уолер.

Пра гэта сёння паведаміў на брыфінгу для журналістаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітры Мірончык.
Рут Уолер была супрацоўніцай місіі Адміністрацыі Аб’яднаных Нацыяў дзеля дапамогі і адбудовы (UNRRA), якая працавала ў Беларусі ў 1946–1947 гадах. У жніўні 1946 году 24-гадовая амерыканка ўратавала трох беларускіх хлопчыкаў, якія танулі ў возеры. Неўзабаве захварэла на запаленне лёгкіх і менінгіт. Нягледзячы на намаганьні лекараў, выратаваць Рут Уолер не ўдалося. Яе пахавалі на Вайсковых могілках у Менску.
Штогод амбасада ЗША ў Беларусі ўскладае кветкі да яе магілы. У цырымоніі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі.
UNRRA, у якую ўваходзілі 45 краін сьвету, стала своеасаблівай папярэдніцай ААН. Дзейнасьць UNRRA была скіраваная на дапамогу краінам, якія найбольш пацярпелі ў Другую сусветную вайну. Значны ўнёсак у дзейнасьць арганізацыі зрабілі ЗША. У Беларусі ў складзе місіі UNRRA працавалі пятнаццаць чалавек, у фінансавым вымярэнні дапамога ЗША па гэтай лініі склала 60 мільёнаў даляраў.
Паводле Радыё Свабода