Мінская служба таксі пачала вазіць лекараў бясплатна. Як гэта працуе?

Служба таксі 7606 прапанавала лекарам бясплатна скарыстацца іх паслугамі. Але пачаліся скаргі, што кіроўцы ўсё роўна бралі грошы за паездку. Кіраўніцтва службы грошы вярнула і патлумачыла, што адбылося.

taxi_7606.jpg

Служба таксі 7606 запусціла акцыю з бясплатнымі паездкамі для лекараў яшчэ ў канцы мінулага тыдня. Тады прапановай скарысталася крыху больш за 10 чалавек. Але на гэтым тыдні ў рэдакцыю tut.by напісалі, што кіроўцы ўсё роўна бяруць грошы за паездкі. Дырэктар службы 7606 Канстанцін Каралёў тлумачыць гэта тэхнічным збоем і гарантуе, што зараз усё выпраўлена.
— За выхадныя пасля старту акцыі нашай прапановай скарысталася літаральна 11-12 чалавек. Але пасля таго, як мы апублікавалі сваю прапанову ў сацсетках, пасыпаўся шквал званкоў. Такога мы не чакалі. Мы працуем з некалькімі колл-цэнтрамі, у якіх задзейнічана больш за 200 чалавек, і мы папросту не паспелі ўсіх папярэдзіць. Ды і кіроўцы не былі праінфармаваныя належным чынам. Мы вярнулі грошы ўсім, хто аплаціў паездку, — распавёў Канстанцін Каралёў.
Каб не было блытаніны, бясплатнае таксі трэба выклікаць альбо з кароткага нумара, альбо праз мабільнае прыкладанне. Больш за тое, у дадатку можна адразу паставіць галачку «лекар», і кіроўца будзе ведаць, каго вязе.
— Мы папярэджваем адразу, што бясплатна паслугай можна скарыстацца, калі канчатковай кропкай маршруту лекара з'яўляецца альбо хатні адрас, альбо бальніца. Для пацверджання таго, што пасажыр з'яўляецца лекарам, дастаткова пропуску ў бальніцу альбо бэйджа. Скарыстацца бясплатнай паслугай могуць тыя лекары, якія працуюць у шпіталях. Акцыя не тычыцца лекараў-касметолагаў ці тых, хто працуе ў камерцыйных медыцынскіх цэнтрах. Мы хочам падтрымаць тых, хто зараз рэальна дапамагае людзям, — кажа Канстанцін Каралёў.

Паводле tut.by