Мінская ДАІ папярэджвае вадзіцеляў аб адказнасці за ўдзел у чарговай акцыі "Стоп-падатак"
Мінская Дзяржаўтаінспекцыя 26 снежня ў паведамленні на сайце ГУУС Мінгарвыканкама папярэдзіла аўтаўладальнікаў аб адказнасці за ўдзел у чарговай акцыі "Стоп-падатак". Нагадаем, яе плануецца правесці ў сталіцы 27 снежня.
Аўтаўладальнікі маюць намер пратэставаць супраць увядзення пошліны на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Яе прызначана ўвесці 1 студзеня 2014 года.
"Супрацоўнікі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі ўзмоцняць кантроль за выкананнем вадзіцелямі правілаў прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў. У сувязі з заклікамі, што з'явіліся ў
інтэрнэце, магчымыя незаконныя дзеянні вадзіцеляў па блакіраванні руху транспарту будуць спыняцца, віноўнікі будуць прыцягнуты да адказнасці, у тым ліку з выкарыстаннем мер прымусовай эвакуацыі
аўтамабіляў", — гаворыцца ў паведамленні.
ДАІ нагадвае, што адміністрацыйная адказнасць за парушэнне правіл прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў, а таксама за наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый прадугледжвае санкцыі ў
выглядзе штрафу да 10 базавых велічынь. Разам з тым за такія дзеянні заканадаўства прадугледжвае і крымінальную адказнасць. Згодна з арт. 310 КК наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый шляхам
стварэння перашкодаў, устаноўкі пастоў ці іншым спосабам, у выніку чаго мела месца нанясенне ўрону, можа пацягнуць за сабой пакаранне, звязанае з абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да трох
гадоў. Акрамя таго, вінаватыя ва ўчыненні такіх правапарушэнняў, якія мелі вынікам стварэнне перашкод для руху грамадскага і камунальнага транспарту, будуць абавязаны кампенсаваць матэрыяльныя
выдаткі, звязаныя з прастоем указаных транспартных сродкаў.
У ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што матэрыялы ў дачыненні да вадзіцеляў, якія дапусцілі парушэнні ПДР на праспекце Незалежнасці ў Мінску вечарам 20 снежня, "зараз абагульняюцца, пасля чаго
будуць перададзены ў пракуратуру для дачы прававой ацэнкі".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН