Мінскую прастору «Цэх» выселілі, не назваўшы прычыны
Культурная прастора «Цэх» страціла памяшканне на мінскай Кастрычніцкай вуліцы: арэндадаўца і ўладальнік суседняга з «Цэхам» бару «Хуліган» Аляксандар Астрашэўскі два дні таму паведаміў «Цэху», што ім трэба «як мага хутчэй» сабраць рэчы і выехаць.
Рашэнне было прынятае ў час выставы пра цэнзуру і самацэнзуру.
Як кажа Свабодзе дырэктарка «Цэху» Юлія Дарашкевіч, арэндадаўца адмовіўся назваць прычыны «высялення», але быў вельмі катэгарычны:
«Мы губляемся, мы ня ведаем, якія могуць быць прычыны, — кажа Дарашкевіч. – Мы існуем чатыры з паловай гады. Калі б быў нейкі ўзровень крамолы, даўно ўжо па нас бы прыйшлі. Калі мы пачыналі, мы былі ледзь не адзінай такой пляцоўкай. Цяпер жа шмат розных пляцовак, выставаў, лекцыяў розных. Я ня думаю, што гэта такая ўвага ідэалагічнага кшталту… Хаця хто ведае!
Цяпер на Кастрычніцкай вуліцы адкрылася шмат прастораў, прыйшлі такія гульцы на культурным полі, у якіх значна большыя магчымасці, чым у нас. Я не бяруся нешта прагназаваць, але выглядае на тое, што мы, магчыма, сталі для кагосьці нязручнымі, лішнімі, нейкай перашкодай.
Дакладна ведаю, што прычына не фінансавая, бо мы плацілі досыць вялікую арэнду, плацілі яе спраўна, цяпер у нас памяшканне аплачанае да 9-га. Мне б самой хацелася ведаць сапраўдную прычыну».
Дарашкевіч кажа, што супрацоўнікі «Цэху» пакуль занятыя пакаваннем рэчаў і рыхтуюцца шукаць новае памяшканне або прыдумляць новы фармат. «Цэх» мае шмат доўгатэрміновых і рэгулярных праектаў, ён партнёр World Press Photo, мае ўласную фатапрэмію і медыяшколу, планавалася вялікая выстава на вясну. Дарашкевіч перакананая, што дзейнасць «Цэху» ня спыніцца.
* * *
«Цэх» ужо высялялі ў 2015 годзе з памяшкання на праспекце Незалежнасці, 58/6. Тады прычына таксама афіцыйна не называлася. У сеціве тады з'явіліся адмысловыя хэштэгі #ЦЭХживи і #спасёмЦЭХ – карыстальнікі заклікалі пісаць лісты да арэндадаўцы – а гэта быў банк BelSwissBank – з просьбай працягнуць дамову арэнды.
Дарашкевіч кажа, што днямі, перад цяперашнім высяленнем, ёй тэлефанаваў чалавек з БСБ-банку, які «добра прыклаўся» да мінулага высялення, і прасіў «не трымаць зла». Памяшканне, якое «Цэх» займаў да 2015 году, з таго часу пуставала.
svaboda.org