Мінздароўя дало новы прагноз зніжэння распаўсюду COVID-19 у Беларусі. Мінулы не спраўдзіўся

Захваральнасць на COVID-19 у Беларусі павінна знізіцца ў наступныя тры-чатыры тыдні, паведамляе «Свабода». 

d6fe4a44_9ec9_4eee_9b1a_26381954d10e_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg

 

Такі погляд выказала намесніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Наталля Жукава 19 красавіка ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ.

«Цягам двух-трох тыдняў сітуацыя не скончыцца, мы будзем у эпідпрацэсе, — сказала Наталля Жукава. — Але хацела б адзначыць, што сітуацыя кіраваная. Ёсць перадумовы думаць, што захваральнасць павінна зніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні».

Паводле яе, Міністэрства аховы здароўя можа рабіць такую выснову, паколькі адсочвае захваральнасць на рэспіраторныя інфекцыі, а каронавірус адносіцца да групы, якая выклікае падобныя захворванні.

Яна адзначыла «вялікую працу», якая праводзіцца ў лакалізацыі асяродкаў COVID-19.

«Кожны выпадак каронавіруснай інфекцыі разглядаецца як асяродак, і ў абавязковым парадку ажыццяўляецца пошук кантактаў. Такім чынам мы перарываем ланцужок распаўсюджвання вірусу — гэта абавязковая ўмова для стрымлівання эпідпрацэсу», — падкрэсліла галоўная дзяржаўная санітарная доктарка.

Жукава адзначыла, што існуюць бессімптомныя або лёгкія выпадкі COVID-19, якіх выпраўляюць дамоў на «амбулаторнае лекаванне». Пра такія выпадкі яна кажа, што «яны не хворыя, яны толькі носьбіты», і «знаходзяцца дома, каб не распаўсюджваць хваробу». Ім выдаецца бальнічны ліст, а таксама «досыць строга» правяраецца выкананне рэжыму самаізаляцыі.

Наталля Жукава заклікала ўсіх заставацца дома, а калі і выязджаць, то не пашыраць колькасць кантактаў.

 

Тыдзень таму прагназавалі яшчэ «два-тры тыдні» па 340–360 выпадкаў на дзень

Намесніца міністра аховы здароўя Алены Богдан на брыфінгу 14 красавіка разважала: у апошнія тры дні штодзень рэгіструюць прыблізна 340–360 новых выпадкаў COVID-19, і гэтыя лічбы не мяняюцца — гэта значыць, што распаўсюд вірусу не паскараецца. На падставе трох дзён яна прыйшла да высновы, што такая сітуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў».

Ніжняя мяжа «прагнозу Богдан» — 4760 новых выпадкаў, верхняя — 7560 новых выпадкаў. Агульная колькасць выпадкаў, згодна такому прагнозу, магла неўзабаве дасягнуць 8041–10841 выпадкаў.

Але на наступны дзень пасля заявы Богдан у Беларусі выявілі 447 новых выпадкаў, праз дзень — 476, праз два дні — 575, праз тры дні перасталі паведамляць колькасць новых выяўленых выпадкаў і агульную колькасць выпадкаў COVID-19 у Беларусі.

На 19 красавіка вядома толькі, што ў Беларусі 47 чалавек прызнаныя памерлымі ад COVID-19, а 494 пацыенты выпісаныя здаровымі.

www.svaboda.org