«Мірны дом» — адзіны бясплатны прытулкак для бежанцаў з Беларусі ў Варшаве
«Мірны дом» — хостэл для тых, кто ўцёк з Беларусі ад рэпрэсій. Яго адкрыў Фонд імя Славы і Ізэка Валасяньскіх Humanosh, паведамляе «Польскае радыё»
Не спыняецца хваля бежанцаў з Беларусі, якія ратуюцца ў Польшчы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Ім неабходна дапамога, перш за ўсё жыллё, праца і веды польскай мовы.
Фонд імя Славы і Ізэка Валасяньскіх Humanosh (Fundacja im. Sławy i Izka Wołosiańskich Humanosh) на працягу многіх гадоў аказвае падтрымку бежанцам у Польшчы. Цяпер фонд дбае і пра беларусаў, для якіх стварыў «Мірны дом», які стаў часовым прытулкам для тых, хто ўцёк ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і пільна патрабуе даху над галавой у Польшчы.
Катажына Абуховіч-Скопец, сузаснавальніца Фонду імя Славы і Ізэка Валасяньскіх Humanosh, распавяла:
— Фонд узнік з мэтай увекавечыць дзейнасць маіх дзядоў — Славы і Ізыдара Валасяньскіх. Падчас Другой сусветнай вайны яны ўратавалі 39 яўрэяў у Драгобычы (цяпер горад у Львоўскай вобласці Украіны. — Рэд.). Мае продкі сябравалі да канца жыцця з уратаванымі ім людзьмі.
15 гадоў таму я са сваімі дзвюма дочкамі пачала дапамагаць палітычным бежанцамі з Тыбета. Мы ўбачылі, што палітычныя бежанцы, якіх Польшча прымае, апынаюцца ў некамфортных умовах, якія не адпавядаюць нормам ХХІ стагоддзя.
Катажыне Абуховіч-Скопец спагаду да прадстаўнікоў іншых народаў і традыцый перадалі продкі, якія да вайны жылі ў Драгобычы.
Катажына Абуховіч-Скопец прыгадвае:
— У мястэчку жылі 100 тысяч чалавек. Трэць з іх была яўрэямі, трэць палякамі і трэць украінцамі. І да Другой сусветнай вайны мястэчка жыло нармальным жыццём, без істотных праблем.
Катажына Абуховіч-Скопец падкрэслівае, што яе продкі падтрымлівалі адносіны і з палякамі, і з украінцамі, і з яўрэямі:
— Не было важна, хто быў якой нацыянальнасці, важны быў чалавек. І я так жа была выхавана — перш за ўсё бабуляй, бо дзед памёр у 1971 годзе.
Падобная сямейная гісторыя і ў майго мужа Пятра. Яго маці нарадзілася ў Ковелі (цяпер горад у Валынскай вобласці Украіны. — Рэд.), а бацька ў Драгічыне (раённы цэнтр у Брэсцкай вобласці Беларусі. — Рэд.). І яны выхаваліся ў многакультурнай супольнасці. Мы таксама лічым, што чалавек павінен быць чалавекам, не важна, якой ён рэлігіі ці адкуль паходзіць. І кожны мае права на годнае жыццё.
«Мірны дом» — гэта праект, які ажыццяўляюць Катажына Абуховіч-Скопец, Дар'я Ярмоцык, Караліна Маціньская і Ірэна Дылеўская разам з валанцёрамі з Беларусі. Дапамогай беларусам Катажына Абуховіч-Скопец занялася яшчэ летась.
— Да мяне па дапамогу звярнулася мая сяброўка Яна, беларуска, якая 15 гадоў жыве ў Польшчы і актыўна дапамагае палітычным бежанцам з Беларус, — распавял Катажына Абуховіч-Скопец. — Усё пачалося з таго, што ў мяне дома жыло больш за 10 чалавек, а потым мы знаходзілі жыллё для наступных сямей. І ўрэшце мы прыйшлі да вываду, што лепш за ўсё было б стварыць такое месца, такі дом, дзе беларусы спачатку маглі б жыць разам, дапамагаючы, падтрымліваючы адно аднаго. Тут у іх быў бы час зарыентавацца, дзе яны хацелі б застацца, ці ў Варшаве, ці ў іншым месцы. Бо адразу вырашыць, дзе пасяліцца ў Польшчы, практычна немагчыма.
Ад ідэі стварэння «Мірнага дома» для беларусаў да поўнага яе ажыццяўлення прайшло ўсяго 4 месяцы. За гэты час быў праведзены аўкцыён твораў мастацтва, прыбытак ад якога быў накіраваны на арэнду будынка, што стаў «Мірным домам». Першыя яго жыхары дапамагалі ў рамонце будынка, а цяпер клапоцяцца пра парадак унутры і вакол яго.
— Гэта арэндаваны будынак на вул. Аксамітнай у Варшаве. Яго цалкам зняў наш фонд. Мы правялі аўкцыён твораў мастацтва, каб сабраць на гэта грошы. А цяпер праводзім збор сродкаў на тое, каб дапамагчы беларусам стаць на ногі ў першыя тры месяцы, знайсці працу, аформіць паперы. Насельнікаў дома мы таксама вучым польскай мове. Цяпер з гэтай мэтай арганізаваны анлайн-курсы, што абумоўлена эпідэміяй COVID–19. І цяпер у нас многа падапечных.
Спачатку, калі мы ўзялі ў арэнду гэты дом, у сярэдзіне лютага, там жылі некалькі чалавек. Яны дамагалі абсталяваць будынак. Цяпер там жыве 11 чалавек, але можа быць да 20. У кожным пакоі могуць жыць да чатырох чалавек. Усё залежыць ад таго, з якой колькасці чалавек складаюцца сем’і.
«Мірны дом» — гэта своеасаблівы інтэрнат, хостэл. Акрамя жылых пакояў, тут будуць пакой для адукацыйных заняткаў, бібліятэка.
— Няма іншага бясплатнага прытулку ў Варшаве, дзе беларусы маглі б пасяліцца. Але я ведаю, што ёсць такія ў Беластоку, Гданьску. Але ў Варшаве дагэтуль не было такога месца.
Мы будзем збіраць сродкі на тое, каб гэты дом далей існаваў і мог прымаць наступных людзей.
Сярод цяперашніх насельнікаў інтэрната ёсць цесляры, будаўнікі, зваршчыкі, маляры, аўтамеханікі, і для іх працы неабходна абсталяванне. Фонд Humanosh хоча даць магчымасць гэтым людзям працаваць па спецыяльнасці, стаць незалежнымі і годна жыць. З гэтай мэтай фонд Humanosh шукае сродкі. А некаторых людзей ужо змаглі працаўладкаваць.
— Тры чалавекі ўжо працуюць у нашага знаёмага. Паціху становяцца на ногі, — ганарыцца Катажына Абуховіч-Скопец. — Цяпер, як вядома, на рынку працы вельмі складаная сітуацыя. Праблемы ёсць не толькі ў беларусаў ці ўкраінцаў, але і ў палякаў. І таму мы цяпер імкнёмся да таго, каб купіць для жыхароў «Мірнага дома» абсталяванне — сталярскае ці для выканання дробных рамонтаў.
Удалося знайсці працу яшчэ некалькім беларусам. Адна дзяўчына працуе ў рэстаране. Адзін хлопец працуе на дастаўцы на веласіпедзе. Зрэшты, беларусы — майстры на ўсе рукі. Бо да гэтага змушае сітуацыя.
Больш падрабязна пра збор сродкаў для дапамогі беларусам, якія жывуць у «Мірным доме», можна прачытаць на сайце Mirnyjdom.pl.
Віктар Корбут