«Міс-Беларусь-2008» Вольгу Хіжынкову не выпусцілі з Акрэсціна
11 снежня Вольгу Хіжынкову не выпусцілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску. Увечары да журналістаў, якія чакалі яе вызвалення, выйшлі супрацоўнікі ўстановы і сказалі, што Хіжынкова пакуль застанецца за кратамі, павеедамляе «Еўрарадыё».

Яны спаслаліся на нейкую пастанову суда, паводле якой яна застанецца на Акрэсціна "як мінімум 72 гадзіны". Відаць, распачата яшчэ адна адміністрацыйная справа.
Вольга Хіжынкова, "Міс-Беларусь-2008", былая прэс-сакратарка ФК "Дынама-Брэст", была затрымана ў цэнтры Мінска 8 лістапада (у той дзень у сталіцы праходзіла чарговая масавая акцыя пратэсту). Праз тры дні яе судзілі на адміністрацыйны арышт першы раз. Пасля былі яшчэ два суды за ўдзел у розных акцыях пратэсту. У выніку Хіжынкова правяла за кратамі больш за месяц. Калі яе вызваляць, невядома.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў Вольга Хіжынкова публічна выступіла супраць гвалту беларускіх сілавікоў і за новыя прэзідэнцкія выбары, яна смела выказвала сваё меркаванне пра сітуацыю ў нашай краіне. У выніку Хіжынкова засталася без працы ў Нацыянальнай школе прыгажосці.
22 лістапада за кратамі Вольга Хіжынкова адзначала свой дзень народзінаў.