«Сказалі, што я «дахадзілася». Мужа БЧБ-нявесты Іны Зайцавай затрымалі за сцяг на іх доме
Андрэя Зайцава, мужа актывісткі Іны Зайцавай, затрымалі 11 снежня ў РУУС Кастрычніцкага раёна, куды ён з жонкай прыйшоў даваць тлумачэнні з нагоды вывешанага бел-чырвона-белага сцяга на іх прыватным доме ў мікрараёне Сокал. Яго адправілі ў ізалятар на Акрэсціна.
Андрэя Зайцава, мужа актывісткі Іны Зайцавай? вядомай як БЧБ-нявеста, затрымалі 11 снежня ў РУУС Кастрычніцкага раёна, куды ён з жонкай прыйшоў даваць тлумачэнні з нагоды вывешанага бел-чырвона-белага сцяга на іх прыватным доме ў мікрараёне Сокал. На выходныя яго адправілі ў ізалятар на Акрэсціна. У гэты ж дзень суд Заводскага раёна аштрафаваў Андрэя на 810 рублёў за ўдзел у «Маршы гонару» 11 кастрычніка. Іна Зайцава распавяла «Вясне» падрабязней пра затрыманне мужа і яго суд за ўдзел у нядзельным Маршы.
«Мне прамым тэкстам сказалі, што я «дахадзілася»
Іну Зайцаву з мужам Андрэем выклікалі ў Кастрычніцкае РУУС даваць тлумачэнні па вывешаным на іх доме сцягу, які з'явіўся яшчэ ў верасні гэтага года. Па словах Іны, на працягу гэтых трох месяцаў участковыя прасілі Зайцавых зняць сцяг, але пры гэтым тлумачылі, што прымусіць іх гэта зрабіць яны не могуць, паколькі гэта прыватная ўласнасць.
«Але зусім нядаўна ўсё змянілася: раптам аказалася, што гэта адзіночны пікет. Да нас сталі прыязджаць і пагражаць, што нашых дзяцей [у Андрэя і Іны двое непаўнагадовых дзяцей] знойдуць да каго прыбудаваць на 15 сутак, калі мы здымем сцяг. Таму раніцай 11 снежня Андрэй зняў сцяг», — распавядае Іна.
Супрацоўнікі міліцыі выклікалі Андрэя і Іну ў РУУС па тэлефоне. У Кастрычніцкае РУУС іх выклікалі ў 12 гадзін 11 снежня, а судовы працэс за ўдзел у нядзельным «Маршы гонару» 11 кастрычніка быў прызначаны ў Заводскім судзе на 14 гадзін гэтага ж дня.
«Затрымліваць нас участковыя не збіраліся, але ў кабінет прыйшоў намеснік начальніка РУУС Кастрычніцкага раёна і асабіста загадаў мужа адправіць на Акрэсціна. А мяне адпусцілі і я паспела трапіць на суд Андрэя».
Андрэя Зайцава адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе ён правядзе выходныя да суда, які мусіць адбыцца ў панядзелак. Судзіць яго будуць за несакцыянаванае масавае мерапрыемства, якое выявілася ў вывешванні сцяга на ўласным доме.
«Майго мужа адправілі на Акрэсціна, а мне прамым тэкстам сказалі, што я «дахадзілася». Нібыта яны мяне шмат разоў папярэджвалі, таму што ў мяне дзевяць пратаколаў і я ўсё ніяк не супакоюся, таму мой муж будзе сядзець на Акрэсціна. Не ведаю колькі, спадзяюся, што толькі тры дні, а можа і 15 сутак», — распавядае Іна.
Суд не палічыў затрыманне паважлівай прычынай няяўкі на суд
Суд Заводскага раёну Мінску судзіў 11 снежня Андрэя па арт 23.34 КаАП за ўдзел у мітынгу 11 кастрычніка. У нядзелю ў Мінску праходзіў «Марш гонару». Як распавядае Іна Зайцава, суддзя разгледзела адміністрацыйную справу Андрэя без яго, нягледзячы на тое, што Іна прадаставіла пратакол аб затрыманні мужа і папрасіла суддзю не разглядаць справу ў яго адсутнасць. Суддзя Анжэла Касцюкевіч аштрафавала Андрэя на 30 базавых велічыняў (810 рублёў).
«Яго вылічылі па геалакацыі. Гэта і было асноўным доказам, ну і, канешне, трох сведак знайшлі», — распавядае Іна.
У панядзелак, 14 снежня, над Андрэем Зайцавым чакаецца разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП ужо ў судзе Кастрычніцкага раёна.
Нагадаем, 10 кастрычніка ГУУС Мінгарвыканкама афіцыйна заявіла, што вывешаны на балконе або ў акне бел-чырвона-белы сцяг прыраўнуюцца да несанкцыянаванага пікету, за які прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Паводле афіцыйнай інфармацыі па стане на 10 снежня ў Мінску было складзена ўжо больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў за такое "правапарушэнне", якія накіраваны ў суд для разгляду.