Медыкі-пратэстоўцы сустрэліся з чыноўнікамі Мінгарвыканкама

У камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама створана камісія якая разгледзіць патрабаванні супрацоўнікаў хуткай дапамогі г. Мінска, вылучаныя ў звароце да ўрада.



liekary.jpg

Стварэнне спецыяльнай камісіі стала вынікам сустрэчы супрацоўнікаў хуткай дапамогі з кіраўніцтвам камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, паведамляе TUT.BY. У сустрэчы ўзяў удзел і намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Адзін з лідараў пратэстнай кампаніі Віталь Агеенка расказаў, што ўлады настроены весці дыялог і паабяцалі ў 10-дзённы тэрмін адказаць на зварот. Таксама Агеенка падкрэсліў, што медыкі не з'яўляюцца апазіцыяй і будуць захоўваць палітычны нейтралітэт.


Нагадаем, што мінскія супрацоўнікі хуткай медыцынскай дапамогі пратэстуюць супраць дрэнных умоў працы і маленькіх заробкаў. З 25 снежна 2013 года яны распачалі збор подпісаў пад зваротам да ўрада. Таксама была створана анлайн-петыцыя на сайце change.org, якую падтрымалі больш за 5 тысячаў чалавек.
Аднак 7 студзеня збор подпісаў анлайн быў спынены, а 8 студзеня петыцыя была выдаленая. Акалічнасці выдалення петыцыі на change.org не раскрываліся, аднак Агеенка патлумачыў журналісту «Нашай Нівы», што «анлайн-петыцыя не мае юрыдычнай сілы» і «пратэстоўцы будуць працаваць у іншым ключы».
nn.by