МТІС спыніў трансляцыю каналаў Eurosport і Eurosport 2

Аператар кабельнага тэлебачання "Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі" (МТІС) 1 студзеня спыніў трансляцыю спартыўных каналаў Eurosport і Eurosport 2.



jevro.jpg

Кіраўніцтва прадпрыемства растлумачыла сваё рашэнне тым, што канал Eurosport запатрабаваў большай платы за рэтрансляцыю.
"Мы супраць павышэння цэн, — цытуе дырэктара МТІС Міхаіла Мілаванава прэс-служба аператара кабельнага тэлебачання. — Па-першае, гэта валюта, якая пакідае краіну. Па-другое, гэта можа адбіцца на цэнах для спажыўцоў. Мы лічым, што запыты замежнага канала Eurosport празмерныя. Будзем весці перамовы. Але адно магу сказаць дакладна — якаснае спартыўнае вяшчанне ў сетцы МТІС абавязкова захаваецца".
У той жа час аператар дадаў у сетку трансляцыі яшчэ больш за дзясятак тэлеканалаў. Цяпер у пашыраным пакеце вяшчання абаненты МТІС могуць глядзець беларуска-расійскі музычны канал RU.TV, дзіцячы канал "Карусель", "Расія-Культура", тэлеканал для жаночай аўдыторыі TLC, для бацькоў — "Маці і дзіця" , начны канал дакументальнага кіно HD Life, канал пра вандраванні, гісторыю і навуку "Мая планета", навукова-папулярныя каналы "НАНА ТВ" і "24 Тэхна".
Узамен Eurosport МТІС прапануе сваім абанентам тэлеканал "Рускі экстрым", арыентаваны на аматараў экстрэмальных відаў спорту, і "Тэлеканал КХЛ" пра падзеі ў Кантынентальнай хакейнай лізе.
МТІС аказвае паслугі кабельнага аператара ў дзвюх варыяцыях: агульнадаступны пакет, які змяшчае шэсць асноўных каналаў, і пашыраны (больш як 50 тэлеканалаў).

Захар Шчарбакоў, БелаПАН