МУС Беларусі апублікаваў канцэпцыю закона аб хатнім гвалце
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закона «Аб папярэджанні гвалту ў сям’і». Яе накіравалі на разгляд у Савет міністраў. Што ў ёй і чаму гэта важна — піша Радыё Свабода.
Новы закон плануюць прыняць у 2019 годзе. Пасля ўзгаднення ў Савеце міністраў канцэпцыю законапраекта чакае ўзгадненне з Вярхоўным судом, пракуратурай і кіраўніком дзяржавы.
Чаму неабходны такі закон?
Не заўжды агрэсара можна пакараць паводле дзейнага заканадаўства, адзначаў Tut.by намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей.
У кожным другім выпадку агрэсар пазбягае адказнасці, і тады супрацоўнікі міліцыі праводзяць з ім прафілактычную размову.
Хто рыхтаваў канцэпцыю?
З канца 2017 года ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўразвязу пры МУС утварылі працоўную групу, паведаміла Свабодзе кіраўніца аб’яднання «Гендарныя перспектывы» Ірына Альхоўка.
Акрамя дзяржаўных органаў над канцэпцыяй закона працавалі:
- фонд ААН у галіне народанасельніцтва;
- «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын»;
- міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Гендарныя перспектывы».
У аспекце папярэджання хатняга гвалту працоўная група вывучала:
- практыку міжнароднага заканадаўства;
- магчымасці ўдасканалення беларускіх законаў.
У чым інавацыі?
У канцэпцыі закона даецца азначэнне крыўдзіцеля — грамадзяніна, які здзейсніў хатні гвалт у любой форме. У ранейшых дакументах азначэнне агрэсара ў хатнім гвалце не давалася.
Уводзіцца працэдура ацэнкі рызыкі, то бок вызначэння паўторнай верагоднасці нанясення шкоды жыццю ці здароўю пацярпелага.
Ствараецца інструмент абарончага прадпісання, якое будзе абмяжоўваць дзеянні агрэсара ад 3 да 30 сутак. Напрыклад, крыўдзіцелю будзе забаронена кантактаваць з пацярпелым і наведваць агульныя месцы знаходжання з ім. Калі пацярпелы і крыўдзіцель жывуць разам, апошні мусіць пакінуць агульнае жылое памяшканне. Такі дакумент зможа выдаваць кіраўнік органа ўнутраных спраў ці яго намеснік.
Што яшчэ хочуць узаконіць?
Верагодна, дзеянне новага закона будзе распаўсюджвацца незалежна ад фактару сумеснага пражывання на наступных асоб:
- бацькі, дзеці;
- бацькі і дзеці ў прыёмнай сям’і;
- родныя браты і сёстры;
- дзядулі, бабулі, унукі;
- муж і жонка;
- муж і жонка ў разводзе;
- грамадзяне, якія маюць агульных дзяцей;
- асобы, якія жывуць ці жылі агульнай сям’ёй, але не знаходзіліся ў шлюбе.
Таксама канцэпцыя вызначае, як караць крыўдзіцеля і як працаваць з ахвярамі сямейнага гвалту.
Эксперт: важна, як будучы закон будзе ўжывацца на практыцы
Кіраўніца цэнтра па прасоўванні правоў жанчыны «Яе правы» Аляксандра Дзікан адзначае, што важна, якім чынам будучы закон будзе ўжывацца на практыцы.
«Са сваёй працы мы ведаем, што нешта можа быць добра напісана на паперы, але па факце гэта не працуе. То бок няма механізмаў укаранення. Калі закон будзе прыняты, дзяржава мусіць праводзіць адукацыйную працу, бо цяпер вельмі нізкі ўзровень ведаў аб гэтай праблеме», — сказала Дзікан.
Экспертка ўзгадала выпадкі, калі ахвяру адгаворваюць паведамляць аб гвалце. Канцэпцыя закону пераносіць хатні гвалт у публічную прастору, а гэта прагрэсіўны момант, адзначыла Дзікан.
У студзені-красавіку сёлета ў Беларусі праз бытавыя канфлікты МУС зафіксавала 23 забойствы і 40 выпадкаў збіцця, а таксама 12,5 тысячы выпадкаў хатняга гвалту.
На момант публікацыі няма механізму абароны ад хатняга гвалту. Як няма канкрэтных артыкулаў у кодэксах наконт дамаганняў на працы ці заляцанняў.
Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыццё, недатыкальнасць, абарону гонару і годнасці. За сексуальныя дамаганні прадугледжана крымінальная адказнасць.