МУС не падтрымала ініцыятыву па змене ўмоў утрымання ў ІЧУ
«Асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл», гаворыцца ў адказе.
Праваабаронцы атрымалі адказ на калектыўны зварот па змяненні ўмоў утрымання адміністрацыйна арыштаваных, пад якім падпісалася 364 чалавек, паведамляецца на сайце protivpytok.org.
Зварот быў падрыхтаваны ініцыятывай «Праваабаронцы супраць катаванняў» і ПЦ «Вясна».
Падпісанты прасілі дазволіць передачы ад людзей, якія не з'яўляюцца для арыштаванага блізкімі сваякамі, без дазволу начальніка месца адбыцця арышту; вырашыць пытанне аб штодзённым (без выхадных) прыёме прадуктовых перадач; размясціць на сайце УУС аблвыканкамаў інфармацыю пра месцы знаходжання ІЧУ, абслугоўваемую тэрыторыю, графікі працы і асабісты прыём кіраўніцтвам, нумары тэлефонаў, графік і парадак прыёму прадуктовых перадач, спатканні і г.д., прадубляваць гэтую інфармацыю на інфармацыйных стэндах у падведамных адзелах унутранных спраў (АУС), а таксама заканадаўча замацаваць норму, якая вызначае ўскладанне нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі супрацоўнікамі жаночага полу.
З адказу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, падпісанага часова выконваючым абавязкі па пасадзе начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Сяргеем Аляшкевічам, вынікае, што змяненне Правілаў унутранага распарадку магчыма толькі ў выпадку ўнясення змяненняў у ч. 9 арт. 18.7 ПВКаАП, а МУС не з'яўляецца суб'ектам заканадаўчай ініцыятывы.
Высветлілася, што час прыёму перадач вызначаецца начальнікамі ІЧУ самастойна, зыходзячы са спецыфікі службовай дзейнасці канкрэтнага ізалятара (ліміту напаўняльнасці, сярэдняй колькасці адміністрацыйна арыштаваных і інш.). У ІЧУ з вялікім лімітам напаўняльнасці прыём перадач, як правіла, ажыццяўляецца штодня, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні. На думку Аляшкевіча, гэта найбольш аптымальны варыянт арганізацыі працы.
Нягледзячы на тое, што асобы, якія адбылі адміністрацыйны арышт, атрымліваюць плацёжкі, з патрабаваннем аплаціць харчаванне, Аляшкевіч сцвярджае, што асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл.
Па пытанні аб размяшчэнні інфармацыі пра месцы знаходжання ІЧУ Аляшкевіч паведаміў, што «пераважная большасць ІЧУ размяшчаюцца ў будынку АУС або на яго тэрыторыі, г.зн. маюць з АУС аднолькавы адрас месца размяшчэння». Інфармацыя пра адрасы АУС, абслугоўваемую тэрыторыю, графікі працы і асабісты прыём кіраўніцтва, нумары тэлефонаў размешчана на афіцыйных сайтах ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў. Парадак прыёму прадуктовых перадач, а таксама правядзення спатканняў адміністрацыйна арыштаваных з адвакатамі ці іншымі асобамі, якія маюць права на аказанне юрыдычнай дапамогі, падрабязна рэгламентаваныя Правіламі ўнутранага распарадку.
Прапанова аб заканадаўчым замацаванні нормы аб наглядзе за арыштаванымі жанчынамі толькі супрацоўнікамі належнага полу, таксама не знайшла падтрымкі МУС. Нягледзячы на шматлікія скаргі жанчын, арыштаваных у лютым-сакавіку 2017 года, у адказе МУС паказана, што ў ІЧУ працуюць супрацоўнікі жаночага полу ў колькасці, дастатковай для забеспячэння бяспекі жанчын.
«Паколькі гаворка ідзе пра ўмовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных, то заява аб тым, што асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ забяспечваюцца бясплатным харчаваннем з'яўляецца непраўдзівая. Акрамя таго, з адказу Аляшкевіча прасочваецца, што магчымасць атрымання перадач адміністрацыйна арыштаванымі, наўпрост залежыць ад напоўненасці ІЧУ і жадання начальнікаў. Што тычыцца заканадаўчага замацавання нормы, што ўстанаўлівае ўскладанне нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі супрацоўнікамі жаночага полу, то адказ Аляшкевіча аналагічны шматлікім адказах чыноўнікаў — не прызнаваць існуючай праблемы. Такім чынам, можна сцвярджаць, што наша ініцыятыва цалкам адхіляецца Міністэрствам унутраных спраў», — пракаментаваў адказ МУС праваабаронца Сяргей Усцінаў.