МУС прапануе адмяніць крымінальную адказнасць за лайкі пад порна
МУС Беларусі прапануе змякчыць адказнасць за неўсвядомленыя лайкі пад порна ў інтэрнэце.
Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу арганізацыі працы інспекцыяў па справах непаўналетніх галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Віталь Янчына.
Віталь Янчына звярнуў увагу, што ў правапрымяняльнай практыцы фіксуюцца выпадкі, калі карыстальнікі інтэрнэту, у тым ліку непаўналетнія, неўсвядомлена ставяць лайкі пад рознага роду відэа- і фотаматэрыяламі парнаграфічнага характару. Тым самым яны аўтаматычна становяцца даступнымі для іншых, а гэта ўжо ёсць распаўсюд.
У гэтай сувязі МУС падрыхтавала праект нарматыўнага прававога акту аб некаторай дэкрыміналізацыі распаўсюджвання парнаграфіі ў інтэрнэце.
У міліцэйскім ведамстве прапануюць прыцягваць тых, хто ўпершыню ўчыніў такія правапарушэнні, да адміністратыўнай адказнасці. Крымінальная будзе пагражаць тым, хто здзейсніў іх паўторна на працягу года.
belsat.eu, паводле БелТА