МУС хоча ўдвая павялічыць штрафы «бяспраўнікам»

Па даручэнні міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча падрыхтаваны і накіраваны для разгляду ў Генеральную пракуратуру, Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі законапраект, які прадугледжвае безумоўнае выкананне забароны на кіраванне транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць такога права, і прафілактыку такіх правапарушэнняў.



zahruzieno_3_.jpg

Прапануецца ў выпадку кіравання ў перыяд пазбаўлення такога права тэрмін пазбаўлення вылічаць з моманту здзяйснення правапарушэння. Ніжнюю мяжу штрафа за правапарушэнне павялічыць у два разы. Забараніць прымяненне ніжняй мяжы штрафу, калі асоба здзяйсняе тыя ж дзеянні паўторна на працягу года.

Кіраўніку дзяржавы ў Адміністрацыю прэзідэнта накіраваны праект указа, які прадугледжвае дакладнае замацаванне парадку перастраення з трамвайных шляхоў, пашырэнне пераліку элементаў дарогі, увядзенне новых відаў разметкі для веласіпедыстаў і шэраг іншых новаўвядзенняў.


У МУС таксама паведамілі, што ў гэтым годзе ў праект пастановы Міністэрства аховы здароўя "Аб зацвярджэнні інструкцыі аб парадку абавязковага медыцынскага агляду кандыдатаў у кіроўцы механічных транспартных сродкаў і абавязковага медыцынскага агляду вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў" унесены прынцыпова новы пункт. Ён прадугледжвае наступнае: дадзеныя аб асобах, прызнаных па выніках агляду і пераагляду непрыдатнымі да кіравання або калі яны маюць патрэбу ў пазачарговым медыцынскім аглядзе, накіроўваюцца вадзіцельскімі камісіямі ў падраздзялення ДАІ на працягу трох рабочых дзён пасля атрымання інфармацыі.

БелаПАН