Мужчыну, што пажартаваў пра бомбу ў мінскім метро, затрымалі
Супрацоўнікі мінскага метрапалітэна затрымалі мужчыну, які пажартаваў пра тое, што ў яго ў ручной паклажы знаходзіцца выбуховае прыстасаванне, паведаміў прэс-сакратар метрапалітэна Андрэй Кузьмін.

Фота metrofoto.ru
"Гэты інцыдэнт адбыўся на станцыі метро "Маскоўская" сёння раніцай у пачатку восьмай. 40-гадовы пасажыр, калі яго пачалі аглядаць, заявіў, што ў яго ў заплечніку ляжыць бомба", — сказаў Кузьмін. Паводле яго слоў, быў зроблены комплекс мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў такіх выпадках.
"Устаноўлена, што ніякай бомбы ў яго не было", — сказаў прэс-сакратар. Мужчына перададзены супрацоўнікам міліцыі. Кузьмін адзначыў, што такія інцыдэнты, калі пасажыры метро недарэчна жартуюць пра бомбу, часам здараюцца.
У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, за загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы прадугледжана пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі.
zviazda.by