Музыкантаў гурту Litesound затрымалі "памылкова"

Музыканты гурту Litesound Уладзімір і Дзмітрый Каракіны вызвалены са Ждановіцкага аддзела міліцыі, паведаміў БелаПАН іх бацька і дырэктар Юрый Каракін.



74021137_x_e12eade6.jpg

"Прыехаў начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мінскага раёна, прынёс прабачэнні, сказаўшы, што хлопцаў затрымалі памылкова", — сказаў ён. Паводле слоў Каракіна, артыстаў пратрымалі ўвогуле больш як тры гадзіны, пасля чаго павезлі назад у лес да іх машыны. "Пакуль яшчэ не ведаю, як будзем рэагаваць, але гэта, вядома, поўная агіднасць", — заявіў дырэктар гурту.
 

Каракін-старэйшы паведаміў, што музыканты вызвалены без складання пратаколаў, але яны пісьмова выклалі ўсё, што з імі адбылося. "Напэўна, гэта неабходна для ўнутраных міліцэйскіх разборак", — выказаў ён меркаванне.
 

Як раней перадаваў БелаПАН, удзельнікі Litesound Уладзімір і Дзмітрый Каракіны былі затрыманы вечарам 12 сакавіка ў раёне Заслаўскага вадасховішча. Паводле слоў іх бацькі, музыканты шукалі ў лесе месца для здымак новага кліпа. Нечакана з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і затрымалі артыстаў. "Дзве гадзіны іх трымалі ў машыне, прымусіўшы выключыць тэлефоны, а затым даставілі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі", — сказаў Каракін-старэйшы.
 

Паводле яго слоў, пошук месца для здымак кліпа вёўся "непадалёк ад рэзідэнцыі прэзідэнта, але з іншага боку".
 

Гурт Litesound удзельнічаў у міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2012".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН