«Мы ўжо ў шостай дзясятцы абвінавачаных»: шматдзетныя бацькі пад следствам па «карагоднай справе»

Юлія і Ігар Лаптановічы жывуць у вёсцы Белавусаўшчына, што ў Пружанскім раёне. У снежні імі зацікавіліся сілавікі — цяпер абое праходзяць як абвінавачаныя па сумна вядомай «карагоднай справе». Мужа забралі ў СІЗА, жонка пакуль дома пад падпіскай, распавядае «Наша Ніва».

2021_03_25131731_tnotx.png

Раней і мужа, і жонку штрафавалі, выпісвалі папярэджанні. Пасля чарговай акцыі Ігар трапіў на суткі. І, пакуль ён адбываў арышт, разам з жонкай стаў фігурантам «карагоднай справы».

Падрабязнасці распавяла Юлія Лаптановіч:

«Недзе ў снежні пачалося. Тады муж з 5 снежня сядзеў на сутках — яму далі 12 сутак арышту нібыта за непадпарадкаванне.

І да мяне ў 7 раніцы прыехаў ГУБАЗіК. Мяне адвезлі ў Брэст, ГУБАЗіК спрабаваў са мной гаварыць, цікавіліся, што я рабіла 13 верасня ў Брэсце? Але я з імі не размаўляла. І мяне прывезлі адтуль на допыт у брэсцкі СК.

Муж пасля расказваў, што, пакуль ён быў на сутках, да яго таксама прыходзілі следчыя. Такім чынам, справу завялі на нас абаіх. Артыкул 342 частка 1: "Арганізацыя масавых беспарадкаў ці ўдзел у іх".

Пасля мяне адпусцілі, я вярнулася дадому. Праз нейкі час да нас прыйшлі з ператрусам. З ператрусамі, дарэчы, прыходзілі затым яшчэ некалькі разоў: нібыта па іншых справах, незразумела чаму».

Ігар выйшаў з сутак, усё было спакойна. Да 24 сакавіка.

Юлія ўзгадвае:

«Нас выклікаў следчы, сказаў ехаць да яго ў Брэст. Мы пыталіся: "Навошта ехаць?" Кажа: "Прыедзеце —даведаецеся".

Пытаемся: "Азнаёміцца з экспертызай?"

Следчы: "Ну, і ў тым ліку".

Мы спыталі: "Браць рэчы?"

Следчы адказваў: "Не, не трэба".

Мы паехалі, дзяцей пакінулі з бабуляй. У СК нам выставілі абвінавачанне па тым артыкуле 342. Мне абралі мерай стрымання падпіску аб нявыездзе.

А мужа там жа і затрымалі, сказалі, што да суда ён будзе ў СІЗА».

Юлія кажа, што яна вельмі прасіла, каб муж чакаў суда на волі. «Я звычайны вясковы біблітэкар: ў мяне зарплата 360 рублёў, крэдыты і камуналка. І трое дзяцей. Наш даход — гэта быў даход мужа, які працаваў на іпэшніка: унутраныя працы на будоўлях.

Следчы адказаў, што ад яго тут нічога не залежыць».

Цяпер Ігару і Юліі пагражае ад штрафу ці арышту да 3 гадоў «хіміі» альбо калоніі.

Першыя суды за вераснёўскі карагод у цэнтры Брэста прайшлі ў лютым і сакавіку. Пакаранні — ад года «хіміі» да амаль двух гадоў калоніі.

«Я не ведаю, колькі чакаць таго суда. Адвакат кажа, што следства збірае чарговую дзясятку і суд будзе толькі пасля таго, як усёй дзясятцы выставяць абвінавачанні, азнаёмяць усіх з матэрыяламі справы…

Мы з Ігарам — ужо ў шостай дзясятцы абвінавачаных па гэтай "карагоднай справе".

Не ведаю, чым скончыцца. Але спадзяюся, што нейкая справядлівасць існуе. Аптымізму няшмат, але мне трэба трымацца, бо ў мяне ж дзеці».

Каб дапамагчы сям’і Ігара і Юліі Лаптановічам, можна пералічыць ім грошы на картку «Беларусбанка»: 4255 2003 0087 2769, тэрмін дзеяння 04/21.