Мытня скасавала «зялёны» калідор

У той час, калі Беларусь мае намер значна павысіць паток замежных турыстаў, перашкоды гэтаму стварае беларуская мытня. З 4 чэрвеня ўступілі ў сілу новыя крытэры перасячэння беларускай мяжы, па якіх будуць адпраўляць на «чырвоны» калідор.



green_19_02_13.jpg

Навацыя вельмі дзіўная. У Беларусь увогуле нічога нельга правозіць без пільнага нагляду. У катэгорыю падазроных не трапляюць хіба толькі самотныя вадзіцелі з пустым, у прамым сэнсе гэтага слова, аўтамабілем: нельга везці нават чамадан.

Зараз у «чырвоны» калідор патрапляюць аўтатранспартныя сродкі па пяці асноўных крытэрах. Гэта: тыя аўтамабілі, якія перасякалі дзяржаўную мяжу Беларусі больш за адзін раз на працягу васьмі сутак; у якім знаходзіцца чатыры і больш асоб; у якім ёсць у салоне або багажным аддзяленні сумкі, чамаданы, пакеты, скрынкі, мяшкі, цюкі і іншыя прадметы, у якіх могуць знаходзіцца тавары, буйнагабарытныя тавары працяглага карыстання, у тым ліку былыя ва ўжыванні; транспартныя сродкі, якія маюць восем і больш пасадачных месцаў, уключаючы вадзіцеля, а таксама грузапасажырскія і грузавыя транспартныя сродкі; транспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

Пры выяўленні ў «зялёным» калідоры транспартнага сродку, які адпавядае названым крытэрам, супрацоўнікам органаў памежнай службы інфармуюць службовых асобаў мытні з перадачай яму кантрольнага талона.

Што гэта азначае дэ-факта? Дэ-факта гэта азначае, што, калі сям’я з трох чалавек выехала на дзесяцідзённы адпачынак у Крым, яна павінна вяртацца адтуль праз «чырвоны» калідор, нават калі ўвогуле нічога з Крыму не вязе. Нават віна і фруктаў. Бо, зразумела, што на дзесяцідзённы адпачынак трэба браць з сабой рэчы: тыя ж купальнікі, касметыку для і супраць загару, капелюшы і панамкі. Усё гэта кладзецца ў чамадан («буйнагабарытны тавар працяглага карыстання»? Чамадан жа не на адзін год купляецца?), і па вяртанні ў «сінявокую» — калі ласка, «чырвоны» калідор і пільны мытны нагляд.

Для чаго гэта робіцца, зразумела. Ужо не ў першы раз мытнікі Беларусі заклапочаныя лозунгам «Купляйце беларускае!». Праўда, раней проста ўводзіліся абмежаванні на правоз, прыкладам, да 15 кілаграмаў фруктаў альбо да 30 кілаграмаў рэчаў. Зараз любы чалавек з чамаданам выклікае падазрэнне.

Зразумела, што тыя, хто рэгулярна ездзіць «затарвацца» ў Вільню ці ў Чарнігаў на ўласным аўто, зараз будуць вымушаныя больш дэтальна планаваць свае паездкі. Бо чэргі на мяжы, з увядзеннем інавацый значна павялічацца. «Зялёны» калідор, такім чынам, на беларускай мяжы фактычна скасаваны. Калі ёсць у багажніку заплечнік — калі ласка, на дагляд.

Але што найбольш здзіўляе ў гэтым новым палажэнні — тое, што любыя транспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі замежнай дзяржавы, падлягаюць «чырвонаму» калідору, незалежна ад таго, колькі ў іх чалавек і што там знаходзіцца.

Гэта створана ў той час, калі Беларусь намагае высілкі, аж да разрыву пупка, па павелічэнні ўязнога турызму, і калі з нецярплівасцю чакае натоўпы наведнікаў Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Гэткая «гасціннасць па-беларуску»: з аднаго боку «вэлкам ту Беларусь», з іншага — узмацненне мытных працэдураў да немагчымасці.

Мала таго, што беларускія візы па кошце зашкальваюць, мала таго, што адмянілі выдачу візаў у аэрапорце, дык яшчэ мы ствараем для турыстаў сутарэнні на мяжы і пільны мытны дагляд. Загнаць усіх у агульную чаргу — гэта ўжо зусім па-савецку. І мытні працы дадалося, і грамадзянам у чэргах стаяць…