МЗС Беларусі адказаў ЕС з нагоды «непрапарцыйнай» рэакцыі на несанкцыянаваныя акцыі
Міністэрства замежных спраў Беларусі звяртае ўвагу ЕС, што ўсе дазволеныя 25 сакавіка мерапрыемствы ў краіне прайшлі без інцыдэнтаў. Пра гэта гаворыцца ў адказе ведамства на каментар прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якая заявіла, што рэакцыя беларускіх уладаў у Дзень Волі «была непрапарцыйнай».
«У МЗС азнаёміліся з каментаром прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па гэтай тэме. Адзначаем, што ўсе мерапрыемствы, на якія былі атрыманы ва ўстаноўленым парадку дазволы органаў улады, прайшлі арганізавана і без інцыдэнтаў. Праваахоўныя органы дзейнічалі строга ў адпаведнасці з законам, — сказаў БЕЛТА прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. — На фоне падзей у саміх краінах — членах Еўрапейскага саюза заявы пра тое, што рэакцыя ўладаў на несанкцыянаваныя акцыі была нібыта непрапарцыйнай, можна расцэньваць як па меншай меры неаб'ектыўныя».
Прадстаўнік МЗС адзначыў, што беларускі бок гатовы да працягу раўнапраўнага дыялогу з Еўрапейскім саюзам і яго краінамі-сябрамі на аснове ўзаемнай павагі і без падвойных стандартаў.
Нагадаем, 26 сакавіка Еўропа адрэагавала на затрыманні, якія прайшлі ў Беларусі ў Дзень Волі.
«25 сакавіка Беларусь адзначыла Дзень Волі ў азнаменаванне стагоддзя абвяшчэння сваёй незалежнасці. У той час як дазвол правесці святочнае мерапрыемства быў ацэнены па вартасці, заяўка на правядзенне шэсця была адхіленая, і рэакцыя ўладаў Беларусі была непрапарцыйнай», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч.
25 сакавіка ў Беларусі прайшлі святочныя мерапрыемствы ў гонар 100-годдзя БНР. Былі і дазволеныя канцэрты па ўсёй краіне, і затрыманні ўдзельнікаў забароненай акцыі ў Менску. Затрыманыя былі каля 50 чалавек, некаторых потым адпусцілі.
Паводле tut.by