МЗС Беларусі ўвяло папярэдні запіс на апастыль з 5 красавіка
Запісацца можна будзе ў спецыяльны журнал на посце аховы ў Галоўным консульскім упраўленні МЗС на вуліцы Карла Маркса, 37а.
«У сувязі з вялікай колькасцю зваротаў для ажыццяўлення працэдуры прастаўлення апастыля / легалізацыі афіцыйных дакументаў з 5 красавіка 2022 года на часовай аснове ўводзіцца папярэдні запіс грамадзян», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Запісвацца на прыём можна па працоўных днях з 10:30 да 12:00. У дзень можна запісаць не больш за 50 чалавек ці 150 дакументаў.
Іншагародніх заяўнікаў могуць прымаць як паводле папярэдняга запісу, так і ў парадку жывой чаргі — праз аднаго наведвальніка, запісанага на прыём. Для гэтага іншагароднім трэба будзе прад'явіць пашпарт з адпаведнай рэгістрацыяй.
Прыём дакументаў паводле папярэдняга запісу будзе весціся па працоўных днях з 08:00 да 10:30; выдача дакументаў — з 15.00 да 16.00.
На пачатку сакавіка МЗС перапыніла прыём дакументаў на апастыль. Аднавіўся прыём толькі праз 11 дзён — 21 сакавіка, значна падняўшы кошт на паслугу. У выніку стварыліся доўгія шматгадзінныя чэргі. Мінскія міліцыянты нават гразілі людзям у чэргах адказнасцю за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Апастыль патрэбны для "легалізацыі" дыпломаў ды іншых дакументаў для працы і навучання за мяжой.