МЗС Беларусі правярае інфармацыю аб тым, што сярод загінулых у Кіеве ёсць беларус

 Міністэрства замежных спраў Беларусі правярае інфармацыю аб тым, што сярод загінулых падчас беспарадкаў у Кіеве ёсць беларус. Пра гэта БелаПАН паведаміла намеснік кіраўніка прэс-службы беларускага МЗС Марыя Ваньшына. 



2014_01_19t184422z_1016943423_gm1ea1k07j901_rtrmadp_3_ukraine_rally.jpg

Фота REUTERS/Gleb Garanich

Украінскі тэлеканал "1+1" 22 студзеня паведаміў, што "падчас супрацьстаяння на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве зафіксаваная смерць яшчэ аднаго мітынгоўца". "Цела загінулага знаходзіцца ў медпункце на Грушэўскага, урачы сцвярджаюць, што ён загінуў ад агнястрэльнага ранення ў сэрца. Гэта ўжо трэцяя ахвяра супрацьстаяння ў Кіеве. Мужчыну каля 30 гадоў, паведамляецца, што ён можа быць грамадзянінам Беларусі. Яго асоба ўстаноўленая, але журналістам не гавораць", — паведаміў тэлеканал. 
Сутыкненні паміж мітынгоўцамі і падраздзяленнем спецназа "Беркут" працягваюцца ў Кіеве з 19 студзеня. Генпракуратура Украіны афіцыйна пацвердзіла факты смерці двух мітынгоўцаў ад агнястрэльных раненняў. Украінскія СМІ, тым часам, паведамляюць пра чатырох загінулых — адзін актывіст, паводле іх інфармацыі, упаў з 13-метровай каланады стадыёна "Дынама" падчас супрацьстаяння мітынгоўцаў і сілавікоў, трое застрэленыя. Таццяна Каравянкова, БелаПАН