На 15 сутак арыштавалі затрыманага ў пераходзе музыку

«Заклікае да бунтарства песнямі».

muzyikant.png

28-гадовага музыку Івана Пірэйку затрымалі ў пятніцу 2 красавіка ў пераходзе каля метро «Каменная горка», калі ён у межах музычнага праекта «Пешаходка» граў на гітары і спяваў песні. Супрацоўнікі выехалі на месца пасля паведамлення на лінію 102 ад «неабыякавага грамадзяніна» аб тым, што «тры чалавекі спяваюць палітычныя песні». Як вынікае з рапарта, грамадзянін удакладніў, што музыка «спяваў песні на "мове"», у якіх узносіў стагоддзе БНР, выкарыстаў выраз «мы пераможам». Тады грамадзянін падышоў да Івана і спытаў: «Якой перамогі вы чакаеце?» Міліцыі мужчына сказаў, што «сваімі песнямі музыка заклікае да бунтарства».
Але на судзе затрыманы Іван Пірэйка ўсё адмаўляў і віну не прызнаваў. Як ён сказаў, што нават не ведае, што за стагоддзе БНР. У камеры на Акрэсціна яму сёння падказалі, што стагоддзе БНР было каля трох гадоў таму. Паводле слоў Івана, ён адзін выконваў песні на англійскай, рускай і беларускай мовах. У судзе праз скайп з ізалятара ён нават наспяваў адну з песен са свайго рэпертуару.
Як распавёў Іван, яго затрымлівалі супрацоўнікі АМАПа: яны назваліся і былі без масак. Хоць сведка-міліцыянт Загор кажа, што яго затрымліваў супрацоўнік у плямістым камуфляжы. Ён сказаў, што музыку затрымалі пасля песні пра БНР і слоў "Мы пераможам". Але паводле слоў Івана, гэты міліцыянт нават не ўдзельнічаў у яго затрыманні і няправільна распавядае пра падзеі. Калі падышлі супрацоўнікі, Іван спяваў песню Макса Каржа.
У Фрунзенскім РУУС на яго склалі пратакол за пікетаванне з дапамогай песен па ч.1 арт. 24.23 КаАП і адправілі на выходныя чакаць суда на Акрэсціна.
Іван вельмі прасіў суддзю Фрунзенскага раёна не арыштоўваць яго, бо ў яго хваробы і яму трэба працягваць лячэнне. На судзе ён казаў, што не ўдзельнічае ні ў чым [у акцыях пратэсту], таму што не можа рызыкаваць здароўем. Але суддзя Марыя Ярохіна ўсё роўна яго асудзіла яго на 15 сутак арышту. Пры гэтым таксама накладзены арышт на яго гітару, мікрафон і стойку для яго.