На 16-гадовага палітвязня з Гомеля могуць завесці яшчэ адну справу
Пра гэта піша «Наша Ніва». Мікіта Залатароў ад 11 жніўня знаходзіцца ў няволі. Ён быў арыштаваны па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава».
Паводле следства, пасля выбараў 28-гадовы Леанід Кавалёў схаваў у дварах кактэйлі Молатава, а пазней знайшоў выканаўцаў — 25-гадовага Дзмітрыя Карнеева і 16-гадовага Мікіту Залатарова. Тыя нібыта кідалі выбухоўку ў бок салдат унутраных войскаў, але не нанеслі нікому шкоды. У хуткім часе ўсе былі затрыманыя.
Залатароў і Кавалёў сваёй віны не прызналі, Карнееў — прызнаў. У выніку Карнееў быў прысуджаны да 8 гадоў зняволення, Кавалёў — да шасці, Залатароў — да пяці.
Напрыканцы лютага Мікіта быў прызнаны праваабарончымі арганізацыямі палітычным вязнем. Бацька хлопца Міхаіл Лапуноў падчас судовага працэса расказваў журналістам, што яго сына збіваюць у зняволенні.
«Дзесьці прыкладна паўтара тыдні таму быў на допыце Мікіты. Паколькі ён непаўналетні, то допыты павінны адбывацца ў прысутнасці аднаго з бацькоў, сацыяльнага работніка, псіхолага, — расказвае Міхаіл Лапуноў. — Мяне прывялі, Мікіта пытаецца: "Татка, што я тут раблю?" Я пачытаў справу, там літаральна паўаркушыка — нібыта Мікіта, калі яго выводзілі з кабінета псіхолага, зрабіў падсечку, а потым душыў канваіра. Як вы гэта сабе ўяўляеце? У майго сына 50 кілаграмаў вагі, а там такія дылды працуюць».
На гэты момант Залатароў праходзіць у якасці падазраванага. «Я пытаўся: "Сынку, ты гэта рабіў?" Ён мне адказвае, што нічога не рабіў і ўвогуле не разумее, чаму да яго пастаянна чапляюцца. Ім не падабаецца, што сына прызналі палітвязнем, адзін з супрацоўнікаў прамым тэкстам казаў: "Ты палітычны, ты тут здохнеш".
Разумееце, Мікіта ж нават не разумее, што гэта такое. Ён у мяне пытаўся: "Тата, а што такое палітычны?" Мне здаецца, яны хочуць накінуць на яго яшчэ адну крымінальную справу. Каб мець фармальную прычыну пакінуць яго за кратамі, калі пачнуць выпускаць палітвязняў», — разважае Міхаіл Лапуноў.
Мікіта Залатароў хварэе на абсанс — гэта адна з форм эпілепсіі, якая характарызуецца вялікай колькасцю прыступаў. Для хлопца жыццёва неабходна прымаць лекі. «Калі ён быў у ІЧУ, то на працягу 10 дзён яму не давалі ўвогуле лекаў. У СІЗА мы перадалі на два тыдні, але нам сказалі, каб болей гэтага не рабілі, маўляў, яны будуць самі даваць лекі.
Падчас апошняга спаткання я папытаўся ў сына, як яму даюць лекі, папрасіў ацаніць па дзесяцібальнай сістэме. "Дзесьці на чатыры", — адказаў Мікіта. То-бок яны могуць даць, а могуць не даць, а яму патрэбна пастаянна прымаць».
Мікіта Залатароў разам з адвакатам падавалі касацыйную скаргу на прысуд, пакуль невядома, калі яна будзе разгледжаная. Бацька спадзяецца, што гэта можа адбыцца цягам бліжэйшых тыдняў.