На Акрэсціна ў чэрвені памёр мужчына. Хто ён?

Мужчына памёр 12 чэрвеня, але спраўдзіць ягоную асобу ўдалося нядаўна. Разам з «Нашай Нівай» распавядаем, што вядома пра гэтага чалавека.

out_2023_08_24t13274167811_stjos.jpeg.jpg

Пра смерць мужчыны нам паведамілі напрыканцы чэрвеня. Аднак толькі праз некалькі тыдняў інфармацыю пра тое, што адбылося, пацвердзіў сведка, які быў разам з ім на Акрэсціна. Сведка змог пра ўсё распавесці толькі пасля таго, як пакінуў Беларусь.

Андрэю Макарэвічу было 56 гадоў. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Мінску. У 1982-м, адразу пасля школы, Андрэй паступіў у мастацкую гарадскую прафесійна-тэхнічную вучэльню і вывучыўся на сталяра-мэбельшчыка. Згодна з яго сацсеткамі і інфармацыі ад «Кіберпартызанаў», ён змяніў шмат працаў.

Андрэй восем гадоў працаваў механікам у рэфрыжэратарным дэпо, два гады сталяром, пару гадоў — у мінскім РНПЦ «Кардыялогія», у розныя часы — вартаўніком і рознарабочым. Апошнім часам мужчына займаўся сталярнымі працамі і зборкай мэблі.

Мужчына быў прыхільнікам пераменаў. Ён быў падпісаны на шмат якія незалежныя медыя, а некаторыя з іх лайкаў на сваёй старонцы ў «Аднакласніках». Гэта і стала прычынай, па якой яго змясцілі ў «палітычную» камеру на Акрэсціна, у якой адміністрацыя стварае невыносныя ўмовы для вязняў. У такіх камерах людзі спяць без матрацаў, не маюць магчымасці атрымліваць з волі перадачы з ежай, рэчамі і медыкаментамі.

У мужчыны ніколі не было сур'ёзных праблем з законам. У базе «Кіберпартызанаў» ёсць толькі два запісы пра парушэнні ім заканадаўства — пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы ў 2017-м і безбілетны праезд у 2019-м.

Вось што распавядала наша крыніца пра характар Андрэя і ягоныя апошнія дні:

«Ён быў чалавекам негаманлівым, заўсёды сядзеў у куце, па большай частцы ў камеры спаў, але мне ўдалося з ім трохі пагутарыць. Першапачаткова яго ўзялі за дробны крадзеж: скраў ён пачак пельменяў і ці то хлеб, ці то малако. Нешта такое, каб проста паесці. Працаваў ён ці мэбельшчыкам, ці то абутак рабіў — нейкая простая праца ў яго была. Ён казаў, што працуе, але грошы скончыліся, і давялося яму скрасці ежу.

Ён наогул не павінен быў да нас патрапіць, такіх дробных зладзюжак саджаюць на 7-10 сутак у іншыя камеры, да так званых «працоўных», каго выводзяць на працу. Але ў яго ў тэлефоне знайшлі нейкія рэпосты, і ён у выніку сядзеў з намі па палітыцы».

Мужчына быў астматыкам, але выпрошваць інгалятар даводзілася з боем:

«Днём ён яшчэ сядзеў нармальна, адкашліваўся, і гэтак далей. А ноччу хрыпеў так, што ўся «хата» заснуць не магла. Інгалятар яму ўсё ж аддалі. Потым да нас прывялі лекара. Ён яго паслухаў… Усе ведалі, што Андрэю станавілася горш. У адну ноч мы прачнуліся, як быццам СПА пачало працаваць, там не тое што храп, а нешта незразумелае было. Лекар дамогся для яго нейкіх таблетак, якія яму нібы дапамагалі. Мы нават некалькі разоў прапаноўвалі Андрэю выклікаць «хуткую», каб яго забралі з ІЧУ, але ён адмаўляўся».

Мужчына і так пачуваўся не надта, але ў камеры быў скразняк, і ў адзін з дзён усе ў камеры захварэлі, а Макарэвічу стала горш:

«Гэта было ў нядзелю: я прачнуўся, хлопцы стаяць, крычаць, «званіце ў кнопку», — у кожнай камеры ёсць кнопка выкліку «прадольных». Аказалася, што Андрэй устаў, схадзіў у прыбіральню, пайшоў мыць рукі і проста ля ракавіны ўпаў.

Наш доктар спрабаваў яго з «прадольнымі» адкачваць, — ён нават добра пра «прадольных» адгукнуўся, яны хацелі штучнае дыханне рабіць. […]

Выклікалі «хуткую», яна прыехала амаль імгненна, хвіліны праз тры пасля выкліку. Але адкачаць Андрэя не ўдалося».

Мы не ведаем усіх абставінаў таго, як памёр Андрэй. Але катавальныя ўмовы на Акрэсціна маглі негатыўна адбіцца на яго здароўі.

Рэдакцыя выказвае спачуванні блізкім і сябрам Андрэя Макарэвіча.

 

Глядзіце таксама